Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


Дзесяць запаветаў - 9. „Ня сьведч фальшыва на бліжняга свайго”

„Ня сьведч фальшыва на бліжняга свайго”, — гучыць дзевяты запавет. Зь ліку дзесяці запаветаў дзевяты, гэтак-жа як і трэці, залічаюцца да грахоў языка. У ім забараняецца фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга і ўсякая хлусьня, завочны паклёп, несправядлівае ганьбаваньне, схільнасьць усякае слова і ўчынак ператлумачваць у дрэнны бок, пераказваць чужыя словы з мэтай пасварыць або зьбянтэжыць некага. Бывае таксама хлусьня для жарту, калі няпраўду гаворыцца не дзеля таго, каб пакрыўдзіць, але абсьмяяць. З усяго вышэйсказанага найгоршы злосны паклёп, які неаднойчы раўназначны з забойствам.

Асабліва шмат пра грэх языка гаворыцца у Псальмах, Кнізе Прытчаў, а ў Новым Запавеце — у Евангельлях і Лісьце Якуба. „Ня будзь фальшывым сьведкам супраць бліжняга свайго: на што табе хлусіць сваімі вуснамі” (Прытч. 24, 28). „Фальшывы сьведка не застанецца без пакараньня і хто дыхае маною — не ўцячэ” (Прытч. 19, 5). Слова Божае гаворыць, што наш язык можа быць крыніцай бласлаўленьня і пракляцьця. Наколькі гэта агідны грэх у вачах Божых бачна з Кнігі Адкрыцьця, дзе гаворыцца, што канец фальшывых сьведкаў „у возеры, што гарыць агнём і серкаю” (21, 8). Дрэнныя і сказаная хлусьня, і недаказаная праўда, таму ў Евангельлі рэкамендуецца поўная шчырасьць без аніякага круцельства: „Хай слова ваша будзе: «так — так», «не — не», а што звыш гэтага, тое ад д’ябла” (Мацьв. 5, 37; Якуб. 5, 12).

Некаторыя памылкова абмяжоўваюць дзевяты запавет да фальшывага сьведчаньня ў судах: у шэрагу краінаў пад пагрозай пакараньня сьведка сапраўды прысягае на Біблію гаварыць „праўду, усю праўду і толькі праўду”, аднак гэта не прадухіляе ілжывых паказаньняў, як гэта здарылася ў Сынедрыёне зь Ісусам Хрыстом (Мацьв. 26, 59-61). Фальшывыя сьведкі карыстаюцца наўмыснай і мэтанакіраванай хлусьнёй у выпадку, калі ім не пагражае пакараньне. Калі мы прааналізуем нашы штодзённыя размовы, дык убачым, што ў асноўным мы не гаворым пра сябе, але пераважна пра іншых, адсутных. У кожнага чалавека ёсьць свае плюсы і мінусы, добрыя і заганныя якасьці і рысы і па меры магчымасьці — у сваіх ацэнках трэба намагацца быць аб’ектыўным. Калі мы падкрэсьліваем у ім толькі дрэннае, перабольшваючы заганы, дык сьведчым пра яго ілжыва і прадстаўляем у фальшывым сьвятле. Гэткім чынам нагадваем мухі, якія вышукоўваюць на целе чалавека толькі раны і струпы. Гэтак паступае і фальшывы сьведка: ён носіць пры сабе толькі чорныя фарбы.

Фальшывым сьведчаньнем на чалавека зьяўляецца таксама пашырэньне неправераных, незычлівых чутак пра яго, інакш кажучы, плётак. Дзеяньне плёткі магутнае і нагадвае пажар, для якога дастаткова адной іскры. У Кнізе Судзьдзяў (15, 4-5) гаворыцца пра Самсона, які злавіў трыста лісіцаў, зьвязаў ім хвасты, прывязаў паміж хвастамі запалены факел і пусьціў на палеткі і вінаграднікі філістымлянаў. Гэтак дзейнічае грэх пашырэньня хлусьлівых чутак: яны пашыраюцца імгненна і выпальваюць усе добрыя пачуцьці ў дачыненьні да чалавека, перш чым ён здолее апраўдаць сябе. „Маленечкі агонь гэтулькі лесу паліць. Гэтак і язык — малюсенькі член, прыкраса няпраўды, брудзіць усё цела і запальвае кола прыроды” (Якуб. 3, 5-6) .

Найгоршае ў граху фальшывага сьведчаньня тое, што сказанага слова нельга вярнуць назад. Фальшывыя грошы можна паступова вылавіць з абарачэньня, але слова — ніколі. Можна шкадаваць сказанага, плакаць, каяцца, рваць на сабе валасы, прасіць прабачэньня ў пакрыўджанага намі чалавека, але сказанае аб ім — сказана назаўсёды і незваротна.

Якая-ж выснова зь дзевятага запавету для кожнага з нас? Ня шкодзь нікому паклёпам або плёткай, ня крыўдзь нікога сваім словам. Гавары толькі праўду і мяркуй, калі якую праўду трэба сказаць. Памятай, што ілгуну ня вераць нават калі ён пачне гаварыць праўду. Неаднойчы прамоўчваньне нечага ў гутарцы ўжо зьяўляецца хлусьнёю, бо ствараецца аднабаковае, а гэта значыць фальшывае, уяўленьне пра нешта. Імкніся да таго, каб кожны меў поўнасьцю праўдзівае паняцьце пра справу, якую абмяркоўваеце. Часова можна дапусьціць, што нехта ня будзе ведаць усёй праўды, тады калі гэтае веданьне схіліла-б яго да заганнага, роспачнага і шкоднага дзеяньня для яго самога і для іншых. Трэба аднак рупіцца пра тое, каб кожны меў такія думкі і стаўленьне да жыцьця, каб ніводная праўдзівая зьвестка ня выклікала ў ім адмоўнай рэакцыі. Кожнага крытыкуй калі трэба і кожную абгрунтаваную крытыку бяз крыўды прымай. Усе людзі недасканалыя і павінны адзін аднаго выхоўваць. Ніхто ня мае таксама манаполіі на праўду і кожны мае прынамсі крыху рацыі. Дбай пра праўду ў грамадзкім і міжнародным жыцьці, кляймуй усе злоўжываньні не зважаючы на асобу. Выяўляй усякую крывадушнасьць і нячыстыя намеры любых слаёў грамадзтва, блёкаў, урадаў і паасобных дзеячаў. Не давярай людзям, якія разам са зьменай каньюнктуры раптам зьмяняюць сваё аблічча, ня маючы сьмеласьці адкрыта адмяжавацца і асудзіць свае ранейшыя паводзіны. Калі зьмяняеш погляды, што дарэчы натуральнае, дык шчыра прадстаў усе свае аргуманты і выяві свае ранейшыя перакананьні ў сьвятле новых. Ня толькі словам сваім, але і дзеяньнем давай сьвядоцтва праўдзе.

І нарэшце галоўнае: як пазьбягаць гэтага грэху? Шляхам раскаяньня ня толькі перад Богам, ня толькі перад пакрыўджаным намі чалавекам, але і перад усімі, хто чуў наша фальшывае сьведчаньне. Раскаяцца перад Богам — ня цяжка, але як-жа цяжка і сорамна прызнацца да сваёй хлусьні перад людзьмі. Паклёпніка трэба ўзяць з сабою, пайсьці да таго, каго ён абняславіў і сказаць: „А цяпер скажы пры ім тое, што ты сказаў мне”. Як-жа гэта дапамагло-б ачысьціць наша асяродзьдзе і любое грамадзтва ад хлусьні і няпраўды, пра які