Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


Дзесяць запаветаў - 10. „Не жадай дому бліжняга свайго...”

„Не жадай дому бліжняга свайго, ні жонкі яго... нічога, што належыць яму”, — гаворыць дзесяты запавет. Ён накіраваны супраць вельмі распаўсюджанай заганы ненасытнасьці, што ў царкоўнаславянскай мове акрэсьліваецца як „любасьцяжаньне”. Інакш кажучы — гэта хцівасьць, прагнасьць, жаданьне мець больш чым трэба і чым неабходна. Гэты грэх настолькі пашыраны таксама сярод вернікаў усіх часоў, што Хрыстос перасьцерагае перад ім кажучы: „Глядзіце, сьцеражыцеся хцівасьці, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад дастатку таго, што ён мае” (Лук. 12, 15).

Прагавітасьць — грэх, які спадарожнічае нам зь дзяцінства. Дзіцё рэдка калі задавальняецца тым, што мае: яно хоча ўсё больш і больш. Сам хцівы чалавек ня бачыць у сваім характары нічога заганнага. Ён лічыць, што гэта хутчэй за ўсё дабрадзейнасьць, розум, знаходлівасьць, дбайнасьць і дальнабачнасьць у адносінах да будучыні. Ён перакананы, што толькі няўклюда і наіўны чалавек нічога ня мае.

У Сьвятым Пісаньні шэраг красамоўных прыкладаў хцівасьці. Лот спакусіўся багацьцем Ярданскай зямлі і ён накіраваўся туды, спадзеючыся яшчэ больш павялічыць сваё багацьце. Аднак ён памыліўся і заплаціў за сваю прагавітасьць высокую цану. З часам яму прыйшлося ўцякаць адтуль, пакідаючы усё, што прыдбаў (Быцьц. 13, 5-13). У Бібліі згадваецца Валаам, які за падарункі паганскага цара Валака згадзіўся праклясьці свой народ і стаўся прыкладам хцівасьці і карысьлівасьці, аб якіх гаворыцца нават у Новым Запавеце (Юд. 11). Давід парушыў адначасова тры запаветы: не забівай (ён спрыяў забойству Урыя — мужа Вірсавіі), не пралюбадзейнічай і не жадай жонкі бліжняга свайго. Вось таму такое глыбокае было ягонае раскаяньне.

У Новым Запавеце чытаем пра багатага юнака, які не пайшоў за Хрыстом, бо ня ўмеў расстацца са сваім багацьцем. Ісус сказаў: „Цяжка багатаму ўвайсьці ў царства нябеснае... лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха іголкі” (Мацьв. 19, 23-24). Юда Іскарыёт, Ананія і Сапфіра пацярпелі цяжкое пакараньне за грэх прагавітасьці.

Прыгадаем, што Апостал Павал пісаў свайму вучню Цімафею: „Корань усякага зла ў ненасытнасьці, якой паддаўшыся некаторыя адышлі ад веры і самі сабе спрычынілі шмат гора. Але ты, о чалавеча Божы, уцякай ад гэтага і ганіся за справядлівасьцяй, набожнасьцяй, вераю, міласьцяй, цярплівасьцяй, лагоднасьцяй” (1 Цім. 6, 10-11).

Хцівасьць і ненаеднасьць — сапараўды корань усякага зла. Самыя дружныя сем’і разьбіваліся пры падзеле спадчыны. Прагавітасьць спрычыняе тысячы гэтак званых „шлюбаў з разьліку”, у якіх багацьце заняло месца каханьня. Гэты-ж грэх спарадзіў у гісторыі нявольніцтва і мноства войнаў, у якіх пад шыльдай красамоўных лёзунгаў утойвалася жаданьне прыдбаць зямлю, нафту, золата або іншае багацьце. Парушэньне дзесятага запавету бывае адначасовым парушэньнем восьмага „ня крадзь”, але таксама першага „хай ня будзе ў цябе іншых багоў”. Апостал Павал у Лісьце да каласянаў „любасьцяжаньне” называе „ідалапаклонствам” (3, 5), бо „мамона” лёгка ператвараецца ў „ідала”, у „іншага бога” і прыкоўвае да сябе сэрца чалавека.

Як пазбыцца грэху хцівасьці, як перамагаць яго? Пры валоданьні зямнымі каштоўнасьцямі заўсёды ўзьнікае пытаньне: ці яны будуць панаваць над намі, ці мы над імі? Перш за ўсё трэба задавальняцца тым, што маем, без пачуцьця крыўды абмяжоўвацца толькі неабходным. Апостал Павал піша аб гэтым: „Вялікае прыдбаньне — быць набожным і задаволеным. Бо мы нічога не прынесьлі на сьвет і нічога ня можам вынесьці зь яго. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволены гэтым” (1 Цім. 6, 6-8). „Заміж сумаваць па тым, чаго ня маеш, навучыся дзякаваць за тое, што маеш”, — гаварыў сьв. Васіль Вялікі. Зайздросьціць іншаму — дарэмны занятак. Заўсёды будуць багацейшыя за нас і заўсёды будуць яшчэ бяднейшыя. Нявыключана, што мы маем тое, чаго ня мае той нібыта шчасьліўшы. Будучы ў дарозе з Арэцца ў Асіз сьвяты Францішак пастукаў у першую, выпадковую хату і папрасіў хлеба. Гаспадар даў яму тры лустачкі, зь якіх Францішак зьеў толькі дзьве, маючы намер трэцюю пакінуць у запас. Аднак тут-жа ўсьвядоміў, што зьбіраючы дараваны хлеб паступае несумленна і вярнуўся, каб аддаць лішак гаспадару. Калі паўторна пастукаў у дзьверы, пачуў голас гаспадыні: не адчыняй, гэта напэўна злодзей. Францішак пацалаваў хлеб і паклаў на парозе. „Гэтая жанчына ведае, што кажа: я — злодзей, бо выпрасіў больш, чым мог зьесьці”, — і засаромлены пайшоў далей. Ён лічыў крадзежам усякі збытак (Р. Брандштэтэр, „Іншыя кветкі сьв. Францішка”, стар. 118).

І так, дзесяты запавет заклікае ўшанаваць ня проста чужую ўласнасьць. Зараз жонка ня лічыцца ўласнасьцяй і даўно было скасавана нявольніцтва. Запавет заклікае да сьціпласьці ў сваіх патрабаваньнях, да разумнай памяркоўнасьці, да якой схіляе досьвед і назіраньне. Не зазірай бясконца за плот суседа, задаволься сваім панадворкам і тым, што сам маеш. Ніхто ніколі ня еў дзьвюма лыжкамі і не сядзеў у двух крэслах. Акрамя чужой уласнасьці не жадай таго, што зьяўляецца інтымным элемэнтам чыйгосьці жыцьця, але сам запрацуй на сваё шчасьце. Не ўваходзь з ботамі ў чужую душу, не тапчы нічыёй сьвятасьці. Не разбурай таксама сямейнага ачагу і ўсяго таго, што дае іншаму чалавеку сілу ў перанашэньні цяжараў жыцьця. На няшчасьці пакінутага мужа і дзяцей не будуй сваё самалюбнае шчасьце. Не разбурай таксама нічыіх перакананьняў, бо ў кожнай веры шмат жывой праўды, а ў кожным поглядзе — рацыі. Як гаварыў авва Пімен: „Задаволенае сэрца і чыстае сумленьне робяць чалавека шчась