Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


„Ойча наш...” - „І даруй нам даўгі нашы як і мы дароўваем даўжніком нашым”

У Евангельлі паводле Лукі (11, 4) заміж слова „даўгі” ўжыта слова „грахі”: „даруй нам грахі нашы”. Перш за ўсё трэба патлумачыць, што значыць доўг, а што грэх. Першы грэх зьдзейсьнены на зямлі тлумачыць усю сутнасьць грэху наагул. Гэта непаслушэнства Богу, парушэньне Яго запаветаў.

У доме Сымона-фарызэя Хрыстос сказаў прытчу пра двух даўжнікоў: „У аднаго крэдытора былі два даўжнікі: адзін вінаваты быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзесят. І калі яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум” (Лук. 7, 41-42). У Евангельлі паводле Мацьвея (18, 23-35) гаворыцца пра тое, як цар дараваў свайму слугу вялізны доўг у дзесяць тысяч талентаў, а той выявіў чорную няўдзячнасьць не дараваўшы свайму даўжніку невялічкага даўгу. Астранамічная сума паказвае наколькі вялікі наш доўг у дачыненьні да Бога. Мы вінаваты Богу ўсё пачынаючы з самога жыцьця. „Што ты маеш, чаго не атрымаў-бы”, — кажа Апостал Павал (1 Кар. 4, 7). Гэтай прытчай Хрыстос гаворыць нам аб неаднолькавых даўгах перад Богам. Іншы быў доўг Сымона-фарызэя, іншы Марыі Магдаліны, Нікадыма і разбойніка на крыжы. Аднак галоўныя ў прытчы не памеры даўгу, але факт, што Бог дароўвае ўсялякі грэх, калі грэшнік шчыра гэтага просіць.

На ўроках Закону Божага я сам сустрэўся з думкамі дапытлівай моладзі, што мы не павінны адказваць за грахі нашых бацькоў, а тым болей нашых прабацькоў у раі. Мы ня маем на іх уплыву, не маглі іх прадухіліць і не павінны несьці адказнасьці за іх. Гэтае пытаньне можа быць прадметам абшырнейшагна разважаньня, але дастаткова сказаць, што згодна праваслаўнаму катэхізісу, ужо ў таінстве хрышчэньня памірае стары чалавек з уласьцівым яму першародным грэхам і нараджаецца новы, які прысвойвае сабе збавіцельную моц Хрыстовага выкупленьня. На нас ужо не ляжыць цяжар Адамавага грэху, але затое мы бясконца паўтараем грэх нашых прабацькоў.

Наша штодзённая непаслухмянасьць Богу бывае выпадковая, міжвольная, а таксама сьвядомая. Некаторыя правіннасьці дапускаем не жадаючы іх зьдзяйсьняць і іх можна яшчэ неяк вытлумачыць. На такія правіннасьці пашыраецца бязьмежная Божая міласэрнасьць. Аднак мы таксама цалкам сьведама можам штодзень гаварыць безумоўную хлусьню, крыўдзіць нашых бліжніх, закрываць сваё сэрца на патрэбы іншых людзей, выяўляць свой агідны характар і спрычыняць боль нашым блізкім. Ад такіх сьведамых грахоў проста неабходна адмовіцца, не ісьці зь імі на ніякі кампраміс. У гэтым сэнсе Божы загад ясны і канкрэтны: „Прыбярыце вашы злыя дзеяньні ад вачэй Маіх: перастаньце рабіць ліха” (Іс. 1, 16).

Аднак у малітве „Ойча наш” нельга прайсьці міма слоў „як і мы дароўваем даўжніком нашым”. Ёсць таксама людзі, якія ў даўгу перад намі. Гэта могуць быць нават члены нашых сем’яў, непрыемныя суседзі або незычлівыя супрацоўнікі. Яны маглі нас пакрыўдзіць, абразіць, абгаварыць, але нейтралізаваць іхную варожасьць і ператварыць іх у сяброў можна толькі адным шляхам: велікадушна дараваць ім іхныя правіны памятаючы, што ніхто не дасканалы. „Нішто гэтак не паўстрымоўвае крыўдзіцеляў, як лагодная цярплівасьць пакрыўджаных”, — гаварыў Яан Залатавусны. „Лепш цярпець зло, чымсьці быць прычынаю зла: лепш быць ахвяраю, чымсьці злачынцам”, — пісаў блажэнны Аўгустын. Узьнікае натуральнае пытаньне: колькі разоў дароўваць людзям іх правіны ў дачыненьні да нас? Можа да сямі разоў, як гэта лічыў Апостал Пётр. Аднак Хрыстос не пакінуў ніякага сумневу. „Нават сем разоў па семдзесят”, гэта значыць: бясконца, без абмежаваньняў, гэтак як бязмежная ўсёдаравальнасьць Божая.

Мы павінны ўмець прабачаць, паколькі і Бог прабачае нам, аднак гэта не павінна быць адзіным стымулам для прабачэньня. Не спалучанае зь нечым іншым, яно нагадвала-б халодны разьлік і эгаізм. Вось таму Хрыстос дадае яшчэ адну, глыбейшую і бескарысную матывацыю: „Будзьце міласэрныя, як міласэрны Айцец ваш” (Лук. 6, 36). Міласэрнасьць дапамагае лепш зразумець свайго брата і прабачыць яму, асабліва тады, калі ён абражае нас безь ніякай прычыны. Яно напамінае нам, якія мы самі (калі ў дрэнным настроі, дык зьедлівыя і агрэсіўныя), дапамагае мець больш чульлівае сэрца і быць больш велікадушнымі. Міласэрнасьць — па-лаціне: „мізэрыкордья” — складаецца з двух слоў: „мізэр” — беднасьць і „кордзіс” — сэрца. Гэта пачуцьцё, якое зьмяшчае ў сабе літасьць і спачуваньне, якія выклікаюць чалавечыя беднасьць і слабасьць. Бог таксама „міласэрны і добры, да гневу няскоры і шчодры на ласку... бо ведае Ён з чаго мы зьлеплены, памятае, што мы толькі пыл... як трава дні чалавечыя” (Пс. 103, 8-14). Апостал Павал супаставіў евангельскі заклік з канкрэтнай жыцьцёвай сытуацыяй, асабліва зь сямейным жыцьцём. „Апранецеся міласэрнасьцяй, дабрынёй, ціхай мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгай цярплівасьцяй, церпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе, калі хто да каго мае жаль” (Кал. 3, 12-13). Каб арганізм быў здаровы, трэба зь лёгкіх выдыхаць двухвокіс вугалю і ўдыхаць кісларод. Каб сужэнства было трывалае і здаровае, прабачэньне ў ім патрэбнае ня менш за любоў. Калі яно шчырае, дык аднаўляе і ўмацоўвае любоў. Вось таму ў доме Сымона-фарызэя Хрыстос сказаў: „Хто будзе больш любіць? Той, каму больш даравана” (Лук. 7, 42-43) , „а той, каму мала дароўваецца, мала і любіць” (Лук. 7, 47).

З другога боку прабачэньне не азначае адмаўленьня ад барацьбы, калі маем дачыненьне зь безупыннымі крыўдамі, злоўжываньнямі і несправядлівасьцяй з боку іншых. Прабачэньне і супраціў злу не пярэчаць адно аднаму, як не выключае адно аднаго прабачэньне і дакор. У сваім зямным жыцьці Хрыстос прабачаў, але таксама выступаў супраць несправядлівасьці.

Акрамя таго, недастаткова толькі прабачаць, але і прасіць прабачэньня трэба. У іншым выпадку ствараецца пачуцьцё фальшывай шчодрасьці, якая ўвесь час мае нагоду выявіць высакароднасьць. Калі-б добра задумацца, часьцей за фразу „прабачаю” павінна гучэць „прашу прабачэньня”. Недастаткова таксама перастаць ненавідзець і не выяўляць гэтага навонкі. Хрыстос найвышэй цэніць прабачэньне, якое вядзе да прымірэньня. Менавіта прымірэньне зьяўляецца зьвянчэньнем евангельскага прабачэньня тым, што сапраўды спрычыняюць прыдбаньне брата, аднаўляюць еднасьць паміж Божымі дзяцьмі і радуюць Айца Нябеснага. Такое прабачэньне ўмацоўвае грамаду: „Калі прынясеш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіцца з братам тваім і тады ўжо прыйдзі і прынясі