Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


Цудоўны ўлоў рыбы

(Лук. 5, 1-11)

„Настаўнік! мы працавалі цэлую ноч, але нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сетку”, — так сказаў зьнявераны Пётр пасьля бясплённай лоўлі рыб. Ён паслухаў Настаўніка і злавіў небывалую колькасьць рыбы. Гэтыя словы Апостала павінны быць таксама нашым эпіграфам у жыцьці поўным няўдачаў і паразаў. Калі яны ўвойдуць у нашу штодзённую малітву, калі імі будзем адказваць на Хрыстовыя заклікі, парады і запаветы, тады зьдзейсьніцца пералом у нашым шэрым, будзённым жыцьці, пачнецца час цудоўнага ўлову рыбы. Гэты ўлоў — посьпех у тым, што мы робім і што неаднойчы доўга не атрымоўваецца. Гэта таксама ўдача ў тым, да чаго былі пакліканы Апосталы ды іхныя пераймальнікі: у прыцягненьні людзей да Царквы словам і вернасьцю Евангельлю.

Калі бачым перапоўненыя храмы або чытаем статыстыкі пра мільёны праваслаўных ды іншых хрысьціян ува ўсім сьвеце, ня трэба заўчасна захапляцца, бо і няма чым хваліцца. Прыблізна на сем мільярдаў усяго насельніцтва плянэты хрысьціяне ўсіх веравызнаньняў складаюць менш за яго чвэрць. Двух тысячагодзьдзяў не хапіла, каб ва ўсе канцы Зямлі данесьці Дабравесьце Хрыстовае. Значыць, або сілаў не хапае, або няздатныя для лоўлі сеткі. Падумаем аб тым, колькі людзей, а іх пераважная большасьць, ня ведаюць Хрыста, не паверылі ў Яго і не прынялі, або колькі тых, што нібыта вераць, але не жывуць паводле Ягоных запаветаў. Гэта тычыцца і нашай краіны.

Хрыстос гаворыць нам гэтак, як перад Сваім Узьнясеньнем: „Ідзіце і навучыце ўсе народы... будзьце лаўцамі людзей”. Трэба, не апускаючы рук, бясконца выплываць на глыбокія воды і закідаць сетку. Рабіць гэта трэба цярпліва і пасьлядоўна, з пашанай для культуры, традыцыі і гісторыі народаў, з павагай для свабоды чалавека і зь верай, што прыйдзе час, калі сеткі будуць рвацца ад улову. Станецца гэта напэўна ў дзень, пра які сказана ў Кнізе Адкрыцьця: „Я глянуў і вось вялікі натоўп, якога ня мог зьлічыць, з усіх народаў і плямёнаў і моваў стаяў перад Тронам у белым адзеньні і з пальмавымі веткамі ў руках” (7, 9).

Значэньне евангельскага аповеду зводзіцца ня толькі да місійнай дзейнасьці Царквы: гэта не ізаляваная сфэра дзейнасьці. Пастыры і місіянеры дзейнічаюць апіраючыся на веру і дасьведчаньне Божай моцы ў штодзённым жыцьці Царквы і сваім уласным штодзённым бытаваньні. Бясплённыя дні, месяцы і гады, што прайшлі, як быццам іх увогуле не было, дарэмныя намаганьні дзеля выхаваньня дзяцей, тая-ж самая няздольнасьць пераадолець уласныя дрэнныя звычкі і заганы... Адгэтуль бярэцца тая зьняверанасьць і апатыя: „Столькі працаваў і нічога не дасягнуў”. Безнадзейных сытуацыяў не бывае для Хрыстовых вучняў, калі-б нават мелі стомленыя рукі і пустыя сеткі.

Як бы мы не разумелі лодку, зь якой прамаўляў Хрыстос — як Царкву, парафію, сям’ю або нават паасобнае чалавечае сэрца — неабходна памятаць, што вяслуе не Хрыстос, але людзі. Ён стаіць у лодцы, дае парады і ўказаньні, але стырно, вёслы і парусы даверліва перадаў у рукі чалавеку. І пакуль гэты вясьляр падпарадкоўваецца ягоным указаньням, лодка бясьпечная і плыве ў адпаведным напрамку.

Чалавек можа аднак, незалежна ад Хрыстовых указаньняў, вызначыць сабе іншую мэту, паплыць у сваім напрамку, на воды сваіх схільнасьцяў. Тады Хрыстос пакідае такую лодку, бо не дазволіць, каб вялі мы яе ў дрэнным напрамку. Калі гэтак здарыцца, лодка пачынае дрэйфаваць.

Хрыстос даручае Пятру, і ня толькі яму: плыві на глыбіню. Глыбіня небясьпечная, гэта ня пляж, яна для адважных. На глыбіні трэба цяжка працаваць. На яе выплывае толькі той, хто ставіць перад сабою штораз цяжэйшыя патрабаваньні. Такім чынам паглыбляецца і сваё ўнутранае жыцьцё насуперак хвалям чалавечых меркаваньняў і схільнасьцяў сьвету. На такой глыбіні ў нашай лодцы побач з намі Ісус Хрыстос, які кліча нас і вядзе да п