Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


Маральная ацэнка прыемнасьці

(Рым. 13, 12-14)

Адной з самых натуральных цягаў чалавека зьяўляецца імкненьне да прыемнасьці і шчасьця. Аднак у вернікаў узьнікаюць унутраныя нелады: ці ўсё дазволена, тым болей, што і Царква мала гаворыць пра гэта.

Чалавечыя прыемнасьці бываюць розныя. Аднаму прыемна, калі добра пра яго гавораць, іншаму — калі людзі яго баяцца. Адны з асалодай пераглядаюць ашчадную кніжку, а іншыя з такім-жа пачуцьцём выдаткоўваюць грошы. Адным прыемна добра паспаць і паесьці, а іншыя шчасьлівыя, калі перамагаюць у сабе такія схільнасьці.

Прыемнасьць можна акрэсьліць такім чынам: гэта перажываньне зьвязанае з валоданьнем нейкім дабром. У выніку: якое дабро, такая і прыемнасьць. Калі дабро ўмоўнае, дык умоўная будзе і прыемнасьць ад карыстаньня ім. Дабро цялеснае спараджае цялесную прыемнасьць, а духоўнае — духоўную. Калі дабро зьнявечанае, таксама і прыемнасьць будзе няпоўная. Інакш цешыцца са здадзенага экзамену студэнт, які завязаў партнёрскую гутарку з настаўнікам, а яшчэ інакш той, якому пастаўлена была ненайгоршая адзнака зь літасьці. Дабро можа быць таксама атручанае і тады аб прыемнасьці нельга сказаць, што яна здаровая. Дзеяньні, якія выплываюць з помсты, распусты, нянавісьці могуць прынесьці чалавеку толькі брудную прыемнасьць.

Усё, што ў чалавеку адкрыта на нешта ад яго вышэйшае, мае моц перанасычаць і ператвараць. Чалавечыя пачуцьці адкрыты на Бога і моц, якая плыве ад Бога. Калі кажам, што жывёлы маюць такія, як і чалавек, пачуцьці, дык гэта няпоўная праўда.

У жывёлаў — гэта фізычныя здольнасьці, а пачуцьці чалавека маюць духоўнае вымярэньне. Зрок ястраба больш праніклівы за чалавечы, але толькі чалавек можа сваімі вачыма прыкмеціць таго, хто патрабуе дапамогі, распазнаць блаславёную моц дабра і цёмныя сілы зла.

У чалавеку ўсё накіравана на пераўзыходжаньне сябе: фізіялягічныя патрэбы ня толькі біялягічныя, псыхічны стан выходзіць па за сфэру псыхікі. Нават розум, тая высакародная частка нашай чалавечнасьці, зьвернуты да нечага, што яго перавышае і таму чалавек не адмаўляецца ад пазнаваньня таямніцаў, якіх ніколі не пазнае.

Што адбываецца, калі авалодваючы пажаданымі каштоўнасьцямі спрабуем іх замкнуць у сабе, адгарадзіць ад вышэйшага?

Яны паступова выраджаюцца і гніюць, атручваючы самую каштоўнасьць. У гэтым сэнсе „атручанае” бывае дабро і „брудная” прыемнасьць. Асабліва брудная прыемнасьць, якая выплывае з распусты, бо сфэру сэксу пазбавілі вышэйшых пачуцьцяў. Бруднай можа быць жаданьне нажывы, як і радасьць зь яе дасягненьня, бо хаця мусім працаваць дзеля прыбытку, аднак нажыва не павінна быць канчатковай мэтай. Нават імкненьне да праўды і прыемнасьць даходжаньня да яе могуць быць скажоныя, калі шукаем праўды супраць некага, або калі частковую праўду спрабуем абагульняць і супрацьпастаўляць больш унівэрсальнай праўдзе.

Брудныя прыемнасьці хутка брыднуць і пакідаюць пачуцьцё самаагіды. „Усё гэта не дае задавальненьня”, — кажуць людзі, якім удалося нацешыцца тым, аб чым іншыя нават ня могуць марыць. Прыходзіцца паўтарыць банальную праўду, што роскаш, слава, улада і найбольш вытанчаныя забавы не кампенсуюць недахопу любові і ў далейшай пэрспектыве не заглушаюць пачуцьця бяссэнсіцы. Усё гэта зразумеў цар Саламон, калі сказаў, што „ўсё — марнасьць” (Экл. 1, 2). Простая ежа лепш смакуе сумленнаму чалавеку, чымсьці багатыя стравы перанасычанаму. Нашая здольнасьць адчуваньня прыемнасьці паходзіць ад Таго, Хто абдзяляе нас размаітым дабром, але яна будзе нас штурхаць да самазьнішчэньня, каб згубіць аб’ектыўную іерархію каштоўнасьцяў. Такія „заплату дастануць за няпраўду: бо шчасьцем лічаць яны штодзённыя роскашы; паганьбенцы і паскуднікі асалоду знаходзяць у сваіх ашуканствах”, — пісаў Апостал Пётр (2 Пятр. 2, 13).

Калі аднак брудная прыемнасьць канчаецца самаагідай, а сапраўднага задавальненьня нельга спазнаць у маральным бязладзьдзі, дык адкуль у нас такая цяга да брудных прыемнасьцяў? На гэтае пытаньне можна адказаць пытаньнямі: а чаму больш нас зачароўвае моц грошай і гвалту, чымсьці моц любові, якая перамагае нават сьмерць? Чаму свабода больш асацыюецца з усёдазволенасьцю, чымсьці з разбуджваньнем у сабе ўтоеных здольнасьцяў да дабра? Чаму наша годнасьць часта значыць для нас менш за чалавечыя ацэнкі, кар’еру або выгаду? Мабыць таму, што проста нам не хапае розуму і таму лёгка паддаемся ілюзорнай прывабнасьці і нагаворам зла.

Напэўна можна цешыцца з прыемнасьцяў і дзякаваць за іх Богу, але ці выпадае нам шукаць прыемнасьцяў, нават калі яны плывуць з сапраўднага дабра? Тут неабходны глыбейшы роздум. Наш сябра дарагі нам не таму, што прабываньне зь ім дае прыемнасьць, але прыемна нам зь ім прабываць таму, што ён нам блізкі. Не на тое вучымся, каб атрымаць дыплём, але папера будзе афіцыйным пацьверджаньнем таго, што студэнцкія гады не былі намі змарнаваныя. Гэтак-жа справы маюцца і з дабром, і з прыемнасьцю, якая з дабра вынікае. Трэба перш за ўсё шукаць дабра, а прыемнасьць зьявіцца як быццам машынальна, бо дабро зьяўляецца дабром незалежна ад таго, ці ўдалося спазнаць яго смак. Гэтак-жа і зло застаецца злом незалежна ад таго, ці прыносіць брудную прыемнасьць.

Для верніка найвышэйшым і канчатковым дабром зьяўляецца прабываньне з Богам і няма большай прыемнасьці за тую, якая выплывае з удзельніцтва ў любові Божай. „Скаштуйце і спазнайце, які салодкі Госпад”, — усклікаў Давід (Пс. 34, 9). „Вы паспрабавалі, што Госпад добры”, — пісаў Апостал Пётр (1 Пятр. 2, 3). Гэтая прыемнасьць часткова даступная ўжо ў гэтым жыцьці, хаця поўнасьцю выявіцца ў будучым: „Чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што не ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго” (1 Кар. 2, 9).

Трэба нам таксама разьмяжоўваць прыемнасьць і шчасьце. Людзі імкнуцца да шчасьця і спрабуюць яго знайсьці ў прыемнасьцях. Спорт, тэлебачаньне, ежа, піцьцё, падарожжы, закупкі, сэкс — гэта прыемнасьці, да якіх людзі імкнуцца. Усё гэта само ў сабе ня мусіць быць дрэнным, але робіцца такім, калі чалавек атаясамлівае іх са шчасьцем. Шчасьце — гэта нешта трывалае і нязьменнае, а прыемнасьці — кароткачасовае ўзбуджэньне пачуцьцяў. Шчасьце не заключаецца ў прыемным уражаньні ад смаку, нюху або зроку, але ва ўнутраным перакананьні і веры. Для верніка шчасьце — радаснае перакананьне аб збаўленьні душы і дараваньні грахоў. Хто мае такую ўпэўненасьць, той крыху скаштаваў сапраўднага шчасьця. Трывалы супакой сэрца замацаваны ў праўдзе зьяўляецца тым скарбам, якога ня ў змозе замяніць эрза