Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

Адзінае на патрэбу

Бандарук Канстанцін


Чаго мы павінны саромецца?

(Саф. 3, 5; Эф. 5, 10-14)

„Беззаконьнік ня ведае сораму”, — пісаў прарок Сафонія. Евангельскі няправедны судзьдзя самакрытычна прызнаў, што „я Бога не баюся і людзей не саромлюся” (Лук. 18, 4). На жаль, такіх людзей, хаця яны самі да гэтага не прызнаюцца — шмат і таму пытаньне сораму заслугоўвае на ўвагу.

Гэта складанае пытаньне. Бывае фальшывы сорам, ханжаства, бессаромнасьць. Неаднойчы саромеемся перад іншымі, а часам самі перад сабою і Богам. Усё гэта адносна лёгка можна ўпарадкаваць, калі ўсьведамім сабе асноўны сэнс пачуцьця сораму. Мы саромеемся ўсяго, што аб’ектыўна, у вачах іншага чалавека або нашых уласных зьмяншае нашу каштоўнасьць або годнасьць, усё, што робіць нас сьмешнымі або нягоднымі павагі. Мы саромеемся нават рэчаў маральна нейтральных, напрыклад, гаспадыня саромеецца з прычыны перасоленага супу, або нехта саромееца адтапыраных вушэй. Мы спрабуем прыхаваць фізіялягічныя мінусы свайго выгляду і экспанаваць тое, што ставіць нас у больш прывабным сьвятле.

Аднак маральна нейтральных рэчаў амаль не саромеемся перад сваімі блізкімі. Перад жонкай, маці або дзіцём не саромеемся, што не пабрыліся, што ў нас ня мытыя валасы.

Сорам павінен нас бараніць перад учынкамі і паводзінамі маральна заганнымі. Чаму аднак неаднойчы меншае зло больш нас сароміць, чымсьці непараўнальна большае? Нехта саромеецца свайго выгляду, на які і так ня мае ўплыву, але ня сорамна яму жорстка змагацца за сваё, не зважаючы не чужую крыўду. Нехта схаваўся-б пад замлю, калі-б яго злавілі на крадзяжы яблыка з чужога саду, але не саромееца пакінуць жонку з малалетнімі дзеткамі. Яшчэ іншы саромееца — і правільна — сядзець у аўтобусе, калі побач стаіць бабуля, але ня сорамна сваю ўласную маці адаслаць у прытулак для састарэлых. Як вытлумачыць гэтую дыспрапорцыю паміж сорамам і аб’ектыўнай прычынай дзеля яго?

Бессаромнасьць заключаецца менавіта ў тым, што чалавек не саромеецца таго, чаго павінен саромецца. Яна бярэцца адтуль, што чалавек страціў пачуцьцё сваёй годнасьці: ня ўмее саромецца сваіх паводзінаў ні перад сабою, ні перад Богам. Саромеецца ён яшчэ толькі людзей, але толькі таго, чаго не ўдаецца прыхаваць і што людзі лічаць заганным. Навошта маю саромецца жорсткіх метадаў на шляху кар’еры, калі, дасягнуўшы посьпеху, мне не пагражае пагарда, але хутчэй за ўсё стану аб’ектам зайздрасьці і захапленьня? Чаго саромееца, калі пакіну жонку і дзяцей, калі гэта не падабаецца толькі людзям, на якіх мне не залежыць?

Адсюль бачна, што ўменьне саромецца зьяўляецца здольнасьцю, якая, як кожны іншы дар, патрабуе працы. Паколькі сутнасьць нашай годнасьці ў нас саміх, а не ў вачах іншых людзей, таму і першасны павінен быць сорам перад самім сабой і Богам. Сорам перад людзьмі павінен стаяць на другім месцы, як дапаможны бар’ер перад злом, якое можам зьдзейсьніць.

На самай справе саромеемся пераважна перад людзьмі, і да таго тымі, на чыёй думцы нам залежыць. Уявім сабе сытуацыю, калі груба абслугоўваем кліентаў або расьпіхваемся локцямі, спрабуючы ўціснуцца у набіты аўтобус. Раптам прыкмячаем, што глядзіць на нас сусед або знаёмы, які заўсёды лічыў нас ветлівым і парадчаным чалавекам. Нам робіцца няёмка і літаральна вылазім са скуры, каб нейкім чынам зьмякчыць нэгатыўнае ўражаньне. Аб чым сьведчаць такія паводзіны? Чалавечая ацэнка зьяўляецца для нас асноўным крытэрыем маральнасьці нашых паводзін.

Бессаромнасьць можа дайсьці да таго, што не саромеемся рабіць зло нават у прысутнасьці блізкіх. Калі разам з найбліжэйшай сям’ёй рыхтуем на некага пастку, або калі сумесна зь сябрам абдумоўваем нейкую хлусьню, гэта значыць, што ў нашым сумленьні пашкоджана апошняя плаціна.

Калі чалавек сам не саромееца свайго зла, але сорамна яму перад людзьмі — гэта крывадушніцтва, паколькі яго асноўным клопатам робіцца вонкавы выгляд. Сам сорам перад людзьмі — гэта пераважна заслабы стымул, каб істотным чынам памяняць сваё маральнае аблічча. У выніку, чалавек застаецца бессаромным, хаця навонкі спрабуе паказаць сябе прыстойным. Неаднойчы абурае нас немаральнасьць іншых, але мы самі ня лепшыя, толькі лепш свае заганы хаваем. Нас раздражняе бракаробства, асабліва калі становімся яго ахвярай, але не перашкаджае нам, калі абы-як выконваем свае ўласныя абавязкі. Кожная бессаромнасьць патрабуе нейкага ацьверажэньня, апамятаньня, аб якім гаворыць Апостал Павал: „Які-ж плод мелі вы тады, што цяпер гэтага саромеецеся? Бо канец гэтага — сьмерць” (Рым. 6, 21).

Узгадаем яшчэ пра адзін вельмі своеасаблівы від сораму: часам саромеемся дабра, якое робім. У некаторым сэнсе гэты сорам выплывае з боязі, што людзі могуць нас дрэнна зразумець і абвінаваціць у фарызэйскім усхваленьні сваіх заслугаў. Сарамлівае хаваньне дабра вынікае хутчэй за ўсё зь перакананьня, што нашае дабро занадта добра сьведчыла-б аб нас, падчас калі ў нас мноства заганаў, пра якія людзі проста ня ведаюць. Акрамя таго неаднойчы адчуваем, што дабро, вынесенае на паказ, быццам-бы вяне. Сам Хрыстос рэкамэндаваў нам нічога не рабіць напаказ „перад людзьмі, каб яны бачылі вас” (Мацьв. 6, 21).

Бывае таксама фальшывы сорам. Апостал Павал быў удзячны Анісіфару за тое, што „кайданоў не саромеецца” (параўн.: 2 Цім. 1, 16).

Апостал Пётр перасьцерагаў: „Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі, як забойца або злодзей, ці злачынец, ці пасягаючы на чужое, а калі як хрысьціянін, то не саромся, але ўслаўляй Бога за такую долю” (1 Пятр. 4, 15). Гэтак-жа і бацькі не павінны саромецца свайго недаразьвітага дзіцяці, бо толькі тады іхная самаахвярнасьць, поўная павагі для чалавечай годнасьці дзіцяці, будзе ўрокам чалавечнасьці для пастароньніх сьведкаў іх гора. Няма таксама нічога ганебнага ў шматдзетнасьці і толькі зрэдку бацькі акружаныя чародкай дзяцей выклікаюць іранічныя заўвагі ды насьмешкі.

І нарэшце паставім сабе пытаньне: ці ўмеем з прычыны нашага зла саромецца перад Богам? Ці ў хвіліны, калі ўсьведамляем сабе бяссэнсіцу нашых спадзяваньняў, мы ўмеем „засароміцца, бы злодзей злоўлены на месцы злачынства” (Ерам. 2, 26). Ці нехта моліцца ў духу малітвы Ездры: „Божа, саромеюся падняць зрок мой на Цябе, бо злачынствы мае вырасьлі вышэй за галаву, а віна мая сягае нябёсаў” (Ездр. 9, 6). Пажадана, каб ува ўсіх было гэтулькі самакрытычнасьці і перакананьня аб сваёй віне. „Дык вось дзеткі, — пісаў Апостал Яан Багаслоў, — прабывайце у Ім, каб калі Ён зьявіцца, мець сьмеласьць і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны” (1 Яан. 2, 28). Да гэтага можна яшчэ дадаць: гэтак паводзьце сябе ў любы час, каб сьмела магл