Notice: Undefined index: source in /www/assets/classes/UASparser.php on line 16

У барвах зямлі

Вершы

Бутрым Венанцы


III частка

***
Дзён маiх лепшыя днi –
чэрвеня лад i спакой!
Май, красавiк адплылi
радасцю буйнай такой...
Сутак сто доўгiх, бадай,
да зор вераснёўскiх яшчэ,
так што пакуль не чапай,
смутак iскрыстых начэй!..
О, не заменiш нiчым:
ноч – тры гадзiны ў паўсне,
дзень – па зямлi, i з усiм,
што паўнакроўна жыве.
Дзе ж аглядацца назад?
Птушак iмклiвы палёт.
Лёскат, iмпэт аўтастрад –
вецер, што б’е навылёт!
Хлеб, малако. I вiна
ява тугая ў крывi.
Як ацанiць, ды спаўна,
дзён маiх лепшыя днi?


***
Можа слоў і збяру, каб злажыць
песню тую, што вецер спяваў,
калi, радасцi поўны, iмчыць
над галовамi сцішаных траў.

I хоць калiва тых, што ў сабе
маюць сiлу прыдбанага болю,
калi скаргу над полем нясе
ад паломанай iм жа таполi.

Адыходзяць. Цi вернуцца зноў
галасамi далёкіх сяброў?

Гарады беларукiх бяроз,
вербалоз ля санлiвай ракі!..
Доўга буду гукаць перавоз
і збiраць вашых песень лісткі...


***
Млява шэпчуць стамлёныя губы –
лiсце скаргу бясконца вядзе
у чаканнi бяды або згубы:
навальні... Навальніца ідзе!..

– Адарвешся ад роднай галiны –
i выгнанне – жабрацтва i смерць!
Гоман дробны, глухi, безупынны:
– Што ж цяпер? Што ж цяпер?..

Сiне-белым ускiнецца ў хмарах –
трацiш слых i цямнее ў вачах,
бо зарнiцай бiблейскiх пажараў
працiнае знямелы абсяг...

А ў тунелi начнога маўчання
занясе, паўтараючы зноў,
то азёрна-аернаю тванню,
то жывiцай прагрэтых лясоў...

Што ж цяпер? Пад нажамi маланак
кiламетры распятай зямлi
у надзеi, жаданнi спантанным
каб дажджы стараной не прайшлi...

Ну а мне? Тэлефон не паклiча.
Ліпне духмень на рукi i твар.
I дрыжыць – на суцэльнасць разлiчаны!.. –
на фрагменты iрвецца абшар:

то губляюць камлi мае дрэвы,
то мiж хмарамi кроны нясе.
I грымiць на паўтор, перапевам,
што, нядбайны, я страцiў цябе...


***

М.М.Ш.

З-за Белалесся* заходні вецер,
цяжкія копяцца хмары.
Раз-пораз рвецца, дрыготка свеціць...
І побач! Пярун ударыў!..

Але прагоніць... З’явяцца, гінуць –
гракоў над пагоркам кідае...
Блакіт – праз попел, бы сець ускінуў.
Ды чорна над небакраем!..

На самых нізкіх глохнуць акорды,
а шлях – з ясна-шэрага тканы.
Цягні жа, хмарнасць з нарвежскіх фіёрдаў,
далей – на Мыш*, Лебяжаны*...

Пераглядайся ў старых разорах,
поўных жывою вадою!

* населеныя пункты Баранавіцкага р–на

***
Прылятала прыцемкам птушка,
а якая – ніхто не пазнаў.
Вецер нават лістка не кранаў,
сарамліва галінкай не гушкаў,

зухаватасць, сумяўшыся, траціў,
як на дрэва садзілася тое...
Пер’е мела яна залатое.
І блакітныя вочы дзіцяці.

Знікала дзіўная на чорным фоне.
Як твар сланечніка, палонены сутоннем.

А пражытых гадоў і хвілін,
што шапталі аб казачным нечым,
цэлы сноп каласоў – за адзін...
Непаўторнасць жаданай сустрэчы!..


***
Флёксаў купіны тлеюць. А змрок
акрыяў, загусцеў, ападае.
Да акорда акорд – і вянок,
што не вяне і цвет не губляе.

І цямней, і цямней. І пара
на дабранач сказаць тыя словы,
каб спакойна заснула трава,
і дзіванны схілілі галовы.

Нібы голас дзяцінства – ледзь чутны,
нібы пах несабранага мёду!
І зліліся харалам магутным
дні: калыскі, жніва, адыходу.

Прыдзе час – усё патоне ў начы.
Данясці. Не згубіць. Зберагчы!


***
Праменняў сонечных апошні клін
лязом алмазным голле рэжа.
І ўжо не сумная сцяна ялін –
тутэйшы арабеск, дзівосная мярэжа...
Ля лесу коні; ногі ў малацэ –
туман пайшоў, цішком паўзе імшарай.
Як трапяткое птушаня ў руцэ,
дзень ціхенька сканаў, цямнее тварам...
Ды весела у роздуме сачыць,
як разгараецца смалісты бок карча,
і дым, што сон, снуецца па агні.
А поплеч, вогнішча вакол, сядзіць
маіх мужыцкіх продкаў грамада.
І зорак грамада – ў вышыні...


***

М.М.Ш.

Глянь: па бульбянішчы – скрозь матчыны сляды.
Як злепкі тых, што час даслаў з Пампеяў,
адбіўшы прагна на гарачым глеі,
каб засталіся явай назаўжды.

Як ломіць у крыжы! Да самых хмар
няўступліва шнуруецца палоса.
Самотнай птушкі крык ці песні адгалосак...
І сонца стомлены ў паўнеба твар.

А колькі трэба сіл, каб боль перамагчы,
зло чэрствасці людской? Ці дачакаць вясны?..

Не дачакала... З сёстрамі пайшла
спяшаць з дакопкамі на тым нябачным полі.
Няслі свае сцягі: работу дацямна,
прышчэрблены капач і серп, крывы ад болю.


ДЗЯЎЧЫНКА Ў ПЕЙЗАЖЫ

Як зложыцца яно, тваё жыццё?
Табе яшчэ й дванаццацi няма...
Цi памяць зберажэ тваё iмя,
цi адашле у небыццё?

Цяпер ты – ўвесь iснуючы абшар:
далёкi грому хор, пужлiвасць блiскавiц,
пах скошанай травы, рамонкаў i сунiц,
аераў гарката i пераменнасць хмар.

Ты птушкаю ляцiш – i смех твой наўздагон,
ўсё тулiцца к табе, у радасны палон.

Дзень зiхацiць, як страказы крыло –
мелодыя i рытм вышэйшага настрою.
Хай будзе ён тваiм. Яшчэ нiхто
не зладзiў з доляю людскою.


***

Алесiку

Там, за вадою, светлыя пяскi
смугой лiловаю закрыла,
узняўся вецер, мчыць на пругкiх крылах
і пляжыць лазнякi.

Ўбiвае ў небасхiл ружова-белы штых
маланка-блiскавiца.
Яе не ўтаймаваць, прад ёй адно скарыцца!
I Сож сiвы прыцiх...

А наш маленькi спiць, перамагло...
Нясе па хвалях сну крыштальнае вясло...

На захад сонца йшло, як радасны асiлак,
і рукi матчыны, i лёгкай хмаркi цень,
і напалохаў чмель, i крапiва ўкусiла...
Якi шчаслiвы i бясконцы дзень!


***

Дануце Бічэль

...Змые пыл, жыватворным напоiць –
ажыве, расцвiце, усмiхнецца...
Неспадзеўкі раскажа пра тое,
што драмала i ў думках, i ў сэрцы.
Прынясе цёплым ветрам здалёку,
з ператканых праменнямi даляў,
буслянятак няўрымслiвых клёкат,
перазвоны крынiчных крышталяў,
шапаценне вярбы, плёскат хвалi,
шолах лоз, асакi i чароту.
I трывогi ацiхлi, апалi,
разам з рэхам апошнiх грымотаў...
Праспявае зусiм нечаканым,
дзень будзённы, як свята, расквецiць.
I зашэрхнуць, загояцца раны.
I не будзе ўжо болю на свеце,
страт, нападаў, гвалтаў i боек,
ганьбы нават нязначных падманаў.
Неўпрыкметна пасохне благое.
I ачнецца амаль беззаганны
цiхi вечар пасля навальнiцы
над табой, над дарогай, над Краем.
Недзе чуў пра такое... Як снiцца...
Што ж, бывае.


***
Чацвёрты дзень не зацiхае вецер,
імчыць наўскач, шукаючы ахвяры.
Ад стомы курчацца i скрдзяцца, як дзецi,
бяроз пасечаныя твары.

I дзень сышоў, i безлiч хмар сплыла,
на люстры неба – ластавак пункцiры.
А дрэвы гнуцца. I канца няма
адвечнай песнi на журботнай лiры.

Змагацца дужаму! Перамагчы
адным ударам. I, пасля, магчыма,
стаць песняй гучнай у свой час.

А выстаяць пад ветрам? Уначы
Выглядваць золак прагнымi вачыма,
прамень каторым назаўсёды згас?


***

В. В-у

Кiнем усё i на досвiтку едзем,
у дробнай хвалi губляць паплаўкi...

Дальнi бор i аблокi-суседзi
мiж драцiн патанулай лазы;
цела светлае ў цёмнай кашулi –
цягне век свой крывуля-вярба;
i над грудам, дзе продкi паснулi,
тлумiць ветрам кiрмаш варання.

Процi сонца iскрыць павуцiнне,
спеюць словы, ўбiраючы сiнь...
Хай мой голас тут раптам загiне,
толькi ты, дарагая, не згiнь!
Сотня год – толькi кропля расы
на спакойным аблiччы тваiм...


***
Не скарбаў шукаем – волi.
Каб новы ўявiць абшар,
узлятае, напяты да болю,
уцiснуты ў сталь Iкар.
I гiне ў полымi лютым.
I, фенiксам стаўшы, iзноў
рве прыцягненняў путы,
успеньвае ў жылах кроў.

Цiхiмi галасамi клiчуць яго назад
Шолахi-перазвоны, пошум старых прысад.

Недзе ў безданi золак
першую птушку збудзiў.
I расцвiтае золатам
Трава Зямлi – дзiвасiл.


***

М.М.Ш.

Дзеля славы нязгаснай – красы
пацалункамi лiпеньскай ранiцы
расцвiлi ў першых днях касачы.
Спакваля, на зары, на свiтаннi...

Сiла нашай зямлi перайшла
праз карэннi ў тугiя пялёсткi
сiнiм, жоўтым – адбiткам святла,
сцюжай зiм, пазалотаю вёснаў.

Каб спявалi ў жаночай руцэ.
І каб новую песню складалi
новы Альбрэхт i новы Вiнсент.
Ну i ты, мой шаноўны Мiхале.

Не скупiцца на колер абшар
тым, хто ўбачыць, пазнае, адчуе...


***
Ох, засцiлае туманам, хоць плач,
кладкi, алешнiк, атаву аселiцы.
Нiбы горла прачысцiў пугач,
а рагатнуць – не асмелiцца.

На той бок не пайду нiзашто,
нават птушка твая не ўпросiць:
Адбалела, як смага, прайшло...
Асталася счарсцвелая восень.

А любiў, брыдучы басанож
па iмхах, выхваляць твае вочы.
I за гэта, няйначай, ўсю ноч
той, вушасты, за рэчкай рагоча:

– Ух!-ха-ха!.. Прыгажосць перахвальваў,
хараства не знайшоўшы нi калiва!..


***

Б.І.

Не пытай ты мяне, не пытай
нават позiркам, крыху упартым!
Хай адкажуць табе: небакрай,
казялец, i ўвагi не варты,
сiнi бор, i аблокi над iм,
нерухомыя ў жнiвеньскай стоме;
i лянотным дажджом залатым
сонца бляск на звычайнай саломе...

Я не першы палонны з людзей,
што шукаюць сваю азярыну.
Там, спатоліўшы смагу грудзей,
не баiшся ўжо нават загiнуць...
Бо спазнаў, бо ступiла нага
на ледзь бачную сцежку яднання.
Небам сiнiм, бяздонным, вада.
У ёй аблокi – маўклiвыя зданi.

Толькi вочы прыкрый, зварушы
вастракрылую ластаўку – памяць.
I пачуеш, як шэпча ўначы
плынь вады пад цяжкiмi плытамi...
I, слабых не шкадуючы ног,
тым жа берагам, тым крутаярам,
ужо брыдзеш напрасцяк, без дарог,
з неабсяжным сам-насам абшарам.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Кроплi зор праз iмжу, праз iмжу...
То ярчэюць, то знiкнуць гатовы.
Не трывож – не пытай! Што скажу?
Выцвiтаюць будзённыя словы...



ЗДРАДА

Ptakow tyle. Zieleni tyle.
Lato, zaczekaj chwile.*
K.I.Galczynski

А яно – пачакаць не хоча...
А яно затрымацца – не можа!
Час няўмольны,
немы,
шалёны,
упарта круцiць кола-арбiту.
– Досыць!
Немаўля толькi, бачу, не чуе:
малако,
вочы мацi,
промнi –
Вечнасць!
А што ж мне, спазнаўшаму болей?
Не нудзiць
непазбежнаю
стратай!
– Ну, чакай жа!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
I з падмурка – бетоннай гранi –
адштурхнуцца!
Мацней,
што сiлы!
– Возьмем!
У каруселi зялёнай iмчуся:
...Конi,
конiкi,
травы – побач!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цёплы вецер твар абвявае,
дорыць птушак суседства, пахі
перацвіўшых у стоме красак...
Радасць!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Слабнуць пальцы...
Ужо не ўтрымацца –
цэнтрабежнасцi
Злая Сiла... *Колькі птушак. Колькі зеляніны.
Лета, затрымайся на хвіліну.
К. І. Галчынскі ***
Занік матораў шум за плошчамі лясоў,
растаў і бляск неонавы, халодны,
а пах зямлі, спрадвечны, першародны,
свідруе грудзі знойдзеным ізноў.

...Дзве ніткі каляін праз рэдкі хмыз
ў пануры ельнік, скрозь імхом спавіты.
Я, мабыць, зноў дарогі пераблытаў –
і месца тое, а чужы абрыс...

Мкнучыся ў думках сотні раз сюды –
мыляем крок, губляючы сляды...

О, як шмат часу ўжо ў нябыт сплыло
і як змяніліся мы самі!
...Тут недзе сіл набралася жыццё,
каб упрыгожваць гарады агнямі.


***
А жолуд – прарасце вясной...
Мiнуць гады i непагоды.
I будзе дуб высокi мой
ў глыбокiя ўглядацца воды!..

Сплыве благое. Цiшыня
такая ўсё вакол абдыме,
як быццам не было i дня
грымотна-гулкага над iмi.

Драчыны крык начы спакой
не пераб’е ў лугах зарэчных.
А нехта ўзнiме позiрк свой
ў лiстоту кроны... векавечнай.

I ў роўным месячным сяйве
размерана кладуцца ценi –
магчыма, зноў перажыве
неабвяргальны сэнс iмгненняў,

калi ва ўладзе цiхiх дум
не лiчыць сэрца дзён пражытых
i ў непаўторны светлы сум
няўдачы цiшынёй спавiты.

Прыклаўшы да маршчын ствала
шчаку гарачую, жывую,
адчуе, што сама прыйшла
хвiлiна, так чакаў якую.

Даўмеецца: за небакрай,
за моры тры хадзiць цi варта,
каб адшукаць чароўны Край,
што снiцца, так жаданы, ўпарта?


***
Нявольнікі сваёй душы,
дзеля чаго аберагаем
знікомы бляск жывой зары
над непахісным небакраем?!.
...Радзіма, дзіўны водар траў
над Шчарай, у чмяліным гудзе!..
І кветак іншых – не прызнаў,
І спеў – заўжды адзіным будзе:
тут, толькі тут, дзе вольхаў рад
над нетаропкаю вадою,
і май надзей, і лістапад –
над пасівелай галавою.
Былых ахвяр няхай граніт,
паліраваны аж да ззяння,
бярэ на скронь халодных пліт
ўжо толькі яснае світанне,
не напалоханы нічым
сарочы крык кустоўе будзіць.
І так, з няведамых прычын,
падзякай напаўняе грудзі...



***

М.М.Ш.

Праясняецца... Шчырыя словы
ўжо ледзь чутна сыходзяць з губ.
Над сінеючай шапкай дубровы
крохкі месяц – спілованы круг.

Цішыня. Адзіночыя кроплі
паглынае бясследна зямля.
Дабрыду, усё роўна прамоклі
чаравікі яшчэ да дня...

Ні жаданняў, ні даўняй трывогі:
не паспець!..– І халодзячы жах –
толькі ветах, ліхтарчык убогі,
скупавата... Ды мох на ствалах.

Вечар, вечар! Такі нечаканы...
А, бадай, і найлепшы ў жыцці...
І, вядома – найлепшы ў жыцці...


***
Без весткі прапаўшаму
...Чыстаю вохрай, глуха-чырвонай,
ціха сплывае з медзі ствала
на мох збуялы, на звонка-зялёны,
ды ўжо счарнелы тут, ля камля.

Захад крывавіць... Ірве назаўсёды
дня залатую, жывую шчэ ніць.
О недарэчнасць – успомніць з нагоды
аб тым, што мёртвым ужо не баліць!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
...Кропляў пякучых бег безупынны.
Бой аціхае... Ці трачу я слых?..
Зноў прыбывае сумнай ажыны,
сунічак сумных... дзеля жывых...


***
Без весткі прапаўшаму
Лагчына, груд... Алешнік, як нядоля,
брыдзе, здарожаны... спыніўся. Назаўжды.
Струменіць неба хвалямі нуды
на здратаванае жалезам поле.
... Як цяжка паміраць! Чужынца крок,
смех. І цурчыць – на нашым полі бою!
Зямля, расстацца я не мог з табою,
і выстаяў. Ды сіл... устаць не змог...
Ні вечароў, ні раніц больш не будзе,
счарнелі ліпы роднага сяла...
І чырвань канюшыны запляла
зямлёй мае прыдушаныя грудзі.
І тысячы над галавою зор –
асколкі памяці – ірвуць прастор...


***
Цёплы вечар. Ціхая ноч,
разрасліся даўжэзныя цені.
Расцвітае нарцыс, не суроч...
На нябесным скляпенні
ўраўнаважаны месячны бляск –
прападаюць драбнейшыя зоры.
Прыглядзіся: яшчэ адзін раз
свет сваё, патаемнае, дорыць...
А праявы чужога жыцця
маюць голас праўдзівы і гучны.
Чуеш? Шэпча аб нечым зямля –
голас дзіўны, шчасліва-пакутны...

Затаіся, чакай: зараз ветрык пачне
перамешваць над кветнікам пахі!..


***
Дужы вечар ночы чакае –
Песні-явы, сноў чыстых.
Прыпыніўся, маўчыць прамяністы.
І усмешка па твары блукае...

Дзікі голуб – тонкі пярсцёнак –
знік у кроне ліловай акацыі.
І пара першай зорцы займацца
там, на небе, на небе зялёным...

То яна: цёплы подых і крокі!..
Водсвет захаду комін пакінуў,
цені ніцма на сцежку, на гліну...

Яркі след! – дробны ”МІГ”, адзінокі,
забірае вышэй і вышэй...
Кропляй, кропкай... знікае з вачэй...


***
Па-над таполямі бязважкі белы пух,
нястомнай ластаўкі праменьчык чорны –
палёту след, адбітак бездакорны
на бездань сінюю і чысты, белы пух.

Дакладная дуга – бетонных праслаў рад,
нібы магутнай ускінутых рукою.
І ветрык міру, працы і спакою
праз захаду разліў і тапалёвы рад.

Аб чым цвіліць маленства угары,
мне не даведацца. А ветру крокі
не палічыць. Празрысты і далёкі
ўжо месяц праявіўся угары.

І ўсё цяплее у грудзях ад чыстых
гадзіны шарай дотыкаў празрыстых...


***
Рэдкую хмарнасць над гаем
ноч неўзабаве зглыне...
Выплыве месяц, яго запытаем:
– Аб чым жа салоўка пяе?

– А ні аб чым. Чалавеку, вядома,
чуецца родны матыў,
той, што прысніў, ну а потым нястомна
скрозь праз жыццё пранасіў.

...Моўчкі рассоўвае пасма дарогі
купкі алешын у бакі,
і неўзаметкі ясны, двухрогі,
лёгкія хмар чаўнакі...

Узноўлены пошчак класічнае гамы
зор прастаўляе ўгары,
а ў перспектыве – патрэбны напрамак
роўны агонь на бугры.

Ціхае вогнішча з лап не смаловых
кветкай ўзышло на зямлі,
перапыніўшы пачатак размовы:
– Хлопцы, здаровы былі!..

Моўчкі пасунуцца: – Месца ўступаем,
вечар не грэе, маўляў...
Чуеш, як сыпле нястомны над гаем
водгукі свойскіх праяў?

Чую! І ноч, і заслухаўся месяц,
плазам дарога лягла.
З-пад у зеніце схаванага крэсіва
іскра над намі прайшла...


***
Верас дробны, худаватае сцябло.
у сасонніку задуха – не стрымаць.
На пясках тут ці буяла што калі?
Светаяннік вырас кволы!.. Без яго – ніяк!
Тут скупыя краскі і прастор.
Белыя слупы высакавольтныя. І да суніц
прыгажуняў пяць ці шэсць.
Трактарыст пайшоў па вермут у сяльпо.
Праз гадзіну вернецца. Зноў ціха паляжым,
з цыгарэты вялай смокчучы дымок.
Спомніцца:
а недзе ж сельва – на зямных дражджах!..
...Жонка на гадзіннік глянула:
– Ужо ж павінен быць...


***
Яловы тонкі вочап.
Жалезны круг вядра.
Дапялі зорак вочы
калодзежнага дна.

Гараць таемным бляскам
у мяккай чарнаце,
шкадуючы заўчасна
упартага – мяне?

Пакепліваюць ціха:
– То ж не юначы век!
Агню ці прахалоды
шукае чалавек?

Ці той гарачай згубы,
ці толькі прагу збіць?
Перасыхаюць губы?
І ў грудзях смыліць?

Ім – сохнуць, бо чакалі,
а сэрцу – успамін?
На цёмнай ночы хвалі
ці ж мала іх, прычын?..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Прадоння подых волкі.
І пляск глухі вядра.
Загойсалі асколкі
чакання, зорак, дна,

надзеі нетрывалай,
як зорка на вадзе...
Ноч марна адгучала –
мо дзень не падвядзе?..


ЖАРТАЎЛІВАЯ СЕЛЯНІЯДА

Мяне – ужо не будзе. А гэты месяц,
святлом наліты, як болем,
узыдзе нячутна над чорным лесам
плысці паважна над полем.

Над перапёлачкай: плакаць даволі,
ножкі застудзіш па росах...
Ох, доля, доля, матухна-доля
ціхагалосых і босых!..

І неўзабаве – над нашым садам:
па верхавінах прыгнутых
вішань-чарэшань бляскам-прынадай
селяніяннай атруты...

Адводзіш позірк?.. Няўжо напалохаў
прывід лунатычнай хваробы?
Усё ж памяркоўна і без падвоху...
Мне гэты бляск – даспадобы!..

Такі знаёмы – ці не з калыскі?..
ночкай санлівай над домам...
Недасягальна далёкі. І блізкі.
Нічый – і усім і нікому!..

...Ледзь чутна, шчыра кляў яго злодзей –
выплыў з-за хмар нечакана!..
Дзяўчо дакарала: – Што ж позна ўзыходзіш,
а твар хаваеш так рана?

Які ўжо раз безнадзейна спытаю:
– Сустрэча з любым ці будзе?
А ты – усё бокам, бы хата з краю...
О, нават месяц – як людзі...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
...Што ж, дзякуй, месячык. От, давялося
яшчэ раз поўняй сагрэцца:
перагарнуўшы ў памяці штосьці,
як прахалоду на сэрца...


***
Радасць-вечар у бяздонні начы
растварыў і нюансы, і колер.
Вернай птушкай далонь на плячы,
не зляціць, не пакіне ніколі!

Слаба бэзам заносіць здалёк.
І асфальт ад зямлі халадзее.
Што ні вечар – імчыць сакалок!
І на радасць – душою гібее:

Хто прыдбаў гэткіх зор над табой?
Кім пялёсткі прыдуманы ў кветак?
Басаножкі іскрыстай луской,
пад якімі прыціхла планета?

Крок у крок, прыпыняцца не час:
ноч усё гоніць, а ранак не блізкі...


***

Альфе

Ля брукаванкі буйна шыпшына,
над стужкай бруку танок стракоз.
Глухне надзея ў шоргаце шынным,
ценню кароткай ляціць пад адкос...

Побач!.. Праскочым, сустрэчы не будзе –
надта ўжо доўгім чаканне было…
Адтрапятала пад ветрам на грудзе,
як страказы палахлівай крыло,

адвіравала бясконцасцю думак,
смелых і яркіх, як сонца з-за хмар.
Ды растварылася ў зборышчах тлумных,
увесь адзіноты спазнаўшы цяжар...

Цяжка прыняць усю віну за няўдачу.
лёгка ўявіць, што чакае далей:
крок машынальны маршрутаў наўдачу,
клямкі чужыя чужых дзвярэй,

усё новых заняткаў канвеер бясконцы –
каб думкі прысталі, адчуўшы ярмо...
Каб здагадаліся: тут пад сонцам
шмат пуцявін і напрамкаў лягло...

З-за павароту – схілы пагоркаў,
зноў цвет ружовы, пышней і ярчэй.
А дух палынны, цяжкі, прагорклы,
ліпне на губы і да вачэй.

І лямант ад бруку. І ўсё лапоча
брызент, напяты над галавой.
Слупы, кіламетры. І так да ночы...
Якая павінна несці спакой!..


“БЕЛАРУС”

За лясамі, гарамі высокімі,
там, дзе Нігер зялёны цячэ,
пасланцамі яны яснавокімі
у гвінейскай чужой баразне.

Рукі цёмныя, чорныя твары,
светлых сэрцаў напружаны стук:
то пяюць у трапічным абшары
наш матор і тамтэйшы жаўрук.

Мо са словам і я не спазнюся,
хоць цяжкія да песні шляхі...
Каб ляцеў той прывет з Беларусі,
што калісь адны гусі няслі
ад іржавай балотнай вады,
ад сіўца, што не зведаў касы...


З ЖЫЦЦЯ...

...Адгрукала, хмары камечачы!
І свеціць, усё больш аддана,
сцябло пад кропелькай гнецца,
пасмачкі пары над плотам...
Малыя па зелені лужын
то моўчкі, то з віскатам радасці,
крышаць ружовасцю пятак
люстранасць тонкую, чыстую.
Птушкі ўладкоўваюць пер’е.
А галіны – кроплі страсаюць.
Ім, галінам, што ж застаецца?

Іржа на цвіках іскрыцца
праз пасмачкі пары над плотам.
“Ціў-і” аўсянкі, як з камертонам...
А з вокнаў, наўсцяж расчыненых,
Бетховен з-пад пальцаў дзіцячых:
“Сурок”... прыўзняўся, таўсматы,
лупіць сумныя вочкі...

Пасмачкі пары над плотам –
промні мокры бетон шліфуюць.
Пракаціліся дзверы-пліта
па рэйках профільнай сталі –
цішыню і паўзмрок у сховішча!
Дзяжурны, “Ціў-і!” пачуўшы,
лена ў кроне шукае зрокам...

...Гадзіна яшчэ да змены...
...Недзе побач патрон стандартны
з дапамогай затвора нячутна
прапаўзае памалу ў патроннік.


ДАРОЖНАЕ...

Усё ядловец між соснамі, соснамі.
Дзе ніжэй – усё альха ды альха.
Крок за крокам, зімою ці вёснамі –
дзён ланцуг без пачатку, канца...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На дзялянках, ад лета не бачаных,
пасядзець на смаловых карчах.
Нешта знойдзена. Мусіць і страчана,
калі гэтак няўтульна ў грудзях...
Мо прытомяцца думкі-бадзягі?
Мо падорыць лясная сям’я
той няўлоўнай зямной раўнавагі,
так патрэбнай жывому штодня?
Вунь як промні праз шторы лістоты
нетаропка снуюць, каб дайшла
сіла іх да найменшай істоты
тут, на зрэзе збуцвелага пня,
разбуршыньваюць кроплі жывіцы...
І ў прагалы вядуць, дзе няма
ужо ствалоў, а затое іскрыцца
свежым жвірам адхон палатна...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Эх, дарога, дарога бетонная,
колькі сіл ты ўзяла пад сябе!
Ужо прывыклі лічыць мегатонамі
ўсё, што час нам аберуч нясе!..
Ад імклівых загонаў Батыевых –
толькі пыл здратаванай раллі! –
на шыкоўныя ўезды такія мы
ўсё дазволіць сабе не маглі...
Праімчаць пад гудкі, адгалёкаюць,
анекдотамі бавячы час.
Прывіталі б сціплей сінявокую,
калі ўжо завіталі да нас!
Прыпынілі б “Рэно” адмысловыя,
саступілі бы з пліт на мурог:
што ж гуляць з рэчаіснасцю ў хованкі,
бакавых не пазнаўшы дарог?
Што ж ты, час, пад сучаснасці знакам
столькі ўмоўнасцей розных нясеш?!
І праводжу амаль абыякава
Імпазантна-святочны картэж...
Воўчым лыкам, лазою, крушынаю,
дробным лісцем спрадвечных суніц
памячаю чаргу безупынную
яркіх, шэрых, ніякіх дзянніц...
Зноў ядловец, пяскі незайздросныя
ды прымятая колам трава.
І аблокі над мудрымі соснамі.
Не лічы, бо няма ім канца...


НА РАДЗІМЕ

МАГІЛЫ

Дзедаў, прадзедаў вечны спачынак.
Воддаль, у тых жа пясках, – янычары.
Соснаў велічных шэпт безупынны
ў спёку, слоту, дзень зноўку бясхмарны.

Кроплі сіняга кінуты ў зелень.
Белы крэмень на шэрай зямлі.
Шаблі Ўсходу наскрозь праржавелі,
па капцах чабарком узышлі...
Час чыесь там падлічвае крокі,
назапашвае радасць і жах.
Моўчкі неба праз хмары-аблокі
тчэ блакіт па жалезных крыжах...


ТРАКТАРЫСТКА

Шчок ружовасць ад свойскай вяргіні,
рычагі змазалілі далонь.
Мой ты, штампам народжаны, сіні,
тут гарачы канвеерны конь!

Сіл зямных набіраецца колас,
свой, пшанічны, жытнёвы, святы!
Песня просіцца ў высі і ў голас.
Эх, той клуб за чатыры вярсты!

І за хлеб “дзякуй” скажа не кожны...
Ды аб чым тут, такое бяды!..
Лугу дальняга подых мурожны,
пругкіх колаў палосы-сляды!..


ЯЛІНА

У гушчары запаведнага лесу
вёрткай сцежкі заблытаўся след.
Праз імжы праступае завесу
сухастоіны грузны шкілет...

Мох сыры, павуцінне па гліцы,
набрынялы ад вільгаці грыб;
толькі думцы адсюль і прабіцца
да далёкіх, утульных сяліб...

Больш стагоддзя, бадай, прастаяла,
німбам сонца вянчаючы ствол...
Смерць, Фінал. Ды дзесятак бязмала
маладых паднялося вакол.


ПАЎДНЁВАЯ НІЗКА

***
На камені ўладкаваўся ён,
зялёныя заплюшчыў вочы.
Ні дня яму, ні ночы
ўжо тыдзень. О старэчы сон!

І чайкам гойдацца няма на чым,
і процьмы баязліўцаў асмялелі:
палоняць берага пясок і мелі –
ляжаць упокат праведны з благім.

Ні дна б яму, ні ночы!..
Трызубец крабы точаць...

Нептуне! Ці ж радкамі перадам,
як ружавеюць пад усмешкай лета
прапорцыі чароўных дам
і ножкі пульхных дзетак?


ДА МОРА

Разгорнешся... А сіл няма стрымаць
ні голас твой, ні ўспененае цела.
Убачу першы знак – малы грабеньчык белы –
і буду разам з чайкамі чакаць

з тужлівым пачуццём уражлівай істоты
на твой жыцця суровы пераказ.
І з горыччу пытаць (ужо каторы раз!):
– Хто я? І што – ты?

Нязменны зор шляхі. Палярная вяла,
каб перасільваў, колькі сіл хапала,
свой страх, твае бясконцыя валы.

І плакаў узрушаны, пазнаўшы кліч жытла –
дрыготкі твар агню на родных скалах.
Я, велічны. І ўсё ж такі малы!..


***
Ужо вецер ветразі ўзялі. І першы вал,
што нарадзіўся там, за шэрым небасхілам,
ударыў, у свае паверыў сілы
і знік, і зноў цалуе шчокі скал.

На рэйдзе, дзе іх, велічных, трымае
фундамент ім патрэбны – глыбіня,
застылі, тоячыся на экране дня,
пяць сілуэтаў у арэолах чаек.

І раптам – рэзкі свіст. І шторму зыркі знак
трапечацца на клоціку*, а ўзняцца – аніяк.

Пад кілем мрок. Над ім – гарачыня
машынных сэрцаў непамернай сілы.
Той вечны бой, у якім усё няма
наяўнай перамогі – каменя магілы!

* Клоцік – частка карабельнай аснасткі для вывешвання сігналаў сцяжкамі.

НА ЧУЖЫНЕ

Як Базыль ў паходзе канаў,
ўсё старонку сваю спамінаў...
М.Багдановіч

У бухту на захадзе сонца
белыя яхты зайшлі.
– Ці не бачылі вы зямлі,
па якой я сумую бясконца?

Тут апошні прытулак мой.
Вам – толькі ад шторму ўкрыцца.
Вам – пашэнціць. А мне – мо прысніцца
куст каліны над ціхай вадой?..

Ля гары, што завуць Аю-Даг,
тлеюць косці паўночных бадзяг...

За якія ж, мой Божа, грахі?
Што ў серцы збалелым нясуць
гневу полымя, горычы ртуць,
ціхі сум саламянай страхі?..


***
Разета (некалі Давідаў знак нясла...)
рыпіць счарнелаю, палушчанай фанерай.
Крапчае брыз... І сцёбае без меры
фасад з бясспрэчнасцю пячаці мастака.

Ну што ж вы, сцены сінагогі ўзнёслай,
прытулак скрынкам з-пад спажыўтавару?!
Вам, векапомным, ці да твару
усё, што саткалі часу кросны?

На лавачцы стары: ужо болей не сагнуць,
лагоднае, семіцкае аблічча.
Драмаў у зацішку. Цяпер, здаецца, ліча
тых птушак, што аліўку скрозь нясуць...

О, камяні! Што з вамі робіць час,
з якім нічога мы зрабіць не можам!


***

Пакутнікам
еўпатарыйскага дэсанта
1942 года

На хісткія трапы. На борт –
у жалезнае чэрава тральшчыка.
Са штыкамі – на панцыр кагорт.
За дзень заўтрашні.

За жаданы ў спёку глыток.
За ўсё, што на пірсе пакінуў.
За дзяцей. За ўзбярэжжа пясок.
За ўсіх – за Радзіму.

У кулямётаў захлёбісты брэх.
У мінаў д’ябальскі рогат.
Песня Вашых пакут – не памрэ!
Ваша смерць – Перамога!


Ну,вот мы и на месте,у конца земли,
в безлюдном скифском,дальнем и
глухом краю...
Эсхіл “Праметэй прыкаваны”
(Пераклад С.Апта)

Паслушная Уладзе Сіла беззаганная
Даставіла яго сюды па найвышэйшаму загаду.
Ён богам быў. Ды ўпісана: “За здраду”.
І росчырк – Зеўсавай рукою змацавана.

Што месца тое выбрана няблага –
Ў дзесяту кнігу ўпішацца севілай:
Дражніць яго тут мора будзе сілай;
Рваць пасланец; і мучыць смага!

У скалы вал за валам мерна б’е...
Пасохлы мох... Нат вуж не прапаўзе...

І здані дзве: быцця і небыцця,
Дзве сёстры родныя – галеча і багацце.
І ўся здранцвелая ад гора маці
Ўсё туліць да грудзей скалелае дзіця.


***
Аўтару чароўнай “Таўрыды”
Дрыготкае вогнішча – кропля ў начы!..–
барвавіць каменняў белыя твары.
Выйшлі на пашу неба атары,
а Ваша – дрэмле у сэрцы Яйлы...

І ўжо спаць нельга: у цішыні,
у скалаў заломах, у церневых сплётах
жальбаю-крыкам птушкі залётнай
губяцца гукі – дзеці зямлі.

А ўзнімеш голаў – Пегас крылаты
імчыць з Гелікону – такі ўжо лёс! –
прылёг над прорвай Вялікі Пёс,
а меншы, ўядлы, гоніць заўзята!..

І ўсё замерла... Не, не дагналі:
не зварухнуліся нават Шалі!..


***
...Мы зрадніліся, вечна жывое!
Даспадобы голас мне твой,
а душу не пакіне прыбой,
стаўшы родным жытнёвым прыбоям.

Ты старэй шапаткіх каласоў...
Ды смяротны абдымкі твае,
калі ўзбуджанай хваляй нясе
пах прадоння, як першаасноў,

перамалвае жвір на драбніцу
дзень і ноч, міліярдам часцін,
што ляцяць з невядомых часін
і не маюць патрэбы спыніцца...

Да сустрэч!..


***
...Там вечар на цёплую рунь
цені халодныя сцеле...
Хусты шаноўных красунь,
жоўтыя посцілкі зелля!

Папару сівыя пласты,
запознены краснагаловік!
Сімвалы вечнай красы,
знакі маёй любові!

Выраі, вёсны. Гады.
Памяць і дым ліхалеццяў.
Спявайце ж мне, верасы,
Балюча-звонкім суквеццем...

Краю, дзе рос і жыву,
поле смужлівай пяшчоты!
З прыдарожных каменняў злажу
помнік мясцовай работы:

гонкія хвоі чатыры
вартай на стораны свету.

Між іх, на бурштынавым жвіры,
месца адвечнаму лету.

Згедзеўшы – сойка пяро,
скарб свой адзіны, пакіне,
каб хараства прыбыло
на жоўта-янтарным і сінім,

дзе кроплі ружовай расы
у квецені дзікае ружы.

А ўсё абвілі каласы,
якія і вецер не здужаў...*

* Канец Паўднёвай нізкі.

***
Ўжо адцвiло. I з асцярожнасцю –
куды спяшаць!..–
перабiрае завязь кожную:
цi даглядаць?

Цi хопiць сiл, адменнай якасцi
(расце – спялi!),
каб не згубiла абыякавасць
красу зямлi?

Каб на зялёным яблык ласкавы
як мак iрдзеў,
свяцiўся паўнацэннай часткаю
аблокаў, дрэў,

прамераных i не празначаных
сцяжын, дарог,
дзе выпадкова цi прадбачана
твой шлях пралёг,

пагорка, лубiнам укрытага,
пнёў, валуна,
дзе кожны раз сустрэне сiтаўка,
ўсё адзінюсенька-адна.

Цi жыта побач: хваля шэрая
аб чым пяе
крыху маркотна, бо размерана,
табе i мне?

...Рунела, мерзла. Красавiцкiя
ўзяло дажджы...
Хай выстаiць пад навальнiцамi!
I назаўжды!


ЧАША

Бляклую рунь за дарогаю,
цёмны ядловец наўзбоч,
раніцу, фарбамі ўбогую,
месячна-зорную ноч,
захад паводкай раскошы,
поўдзень праз смех навальніц,
з мятлікам, у лузе няскошаным,
з пахам нябачных суніц,
шышку, што ботам раструшчыў,
сцежку, што верна вяла
ад задуменнасці пушчы
у шматгалоссе сяла,
песні акорд развітальны,
сонца прамень на вісу –
ў чашы, празрыстай крыштальна,
ўпарта аберуч нясу.

Ступлю, неразважны, няўдала,
заняты тым, што ў руках.
(Глыжоў і карэння нямала
на пакручастых шляхах...)
Дробныя пырснуць асколкі...
Спуджана ўзнімецца грак –
подых пранізліва волкі
на момант пройме прасцяг...
І стану я ціхі і роўны,
па мерцы на кожны фасон,
а профіль – нейтральна бяскроўны –
стандартным з абедзьвюх старон.
Ніхто ўпікнуці не зможа
ці пахітаць галавой:
змяшчуся ў пракрустава ложа –
тупік той дарожкі маёй.

Бляклая рунь па-за ворывам
колеры возьме свае –
што халадамі агорана,
тое цяплом аджыве.
А сыдуцца бровы пагрозна –
шалей, вераб’іная ноч!..
Паўмёртвыя птушкі ў гнёздах...
Жалобны ядловец наўзбоч...

Цемры цурацца слабому,
сіл – толькі сэрца суняць!..
Заранка птушынаму дому
надзеі праставіць пячаць...
І ты не тужы. Адзіноту
не для жанчын завялі.
Смутку накажам быць госцем залётным,