Леанід Судаленка: Мы хочам наблізіць краіну да абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне


Пікет за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі плануе правесці ў Гомелі праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка. Такім чынам ён, разам з аднадумцамі, вырашыў прыцягнуць увагу грамадскасці да абвешчанай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International акцыі супраць смяротнага прысуду жыхару Нароўлі Аляксею Міхаленю.

Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю  супраць смяротнага прысуду Аляксею Міхаленю, якога 17 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў да выключнай меры пакарання. 30 чэрвеня Вярхоўны суд краіны пакінуў смяротны прысуд у сіле. Цяпер Аляксею Міхаленю пагражае смяротнае пакаранне.

    “Дзяржава не вядзе дыялогу ў грамадстве на тэму смяротнага пакарання, – кажа Леанід Судаленка. – А з іншага боку гэтая праблема ляжыць у палітычнай плоскасці і вырашаць яе трэба палітычна, а не спасылацца на той рэферэндум, які адбыўся звыш двух дзесяцігоддзяў таму. І вось гэтай маленькай акцыяй, якую мы плануем правесці непасрэдна ў Гомелі, такімі маленькімі крокамі, мы хочам наблізіць нашую краіну да таго моманту, калі будзе накладзены мараторый на смяротнае пакаранне”.

Пікет праваабаронцы плануюць правесці 10 жніўня. Адпаведная заяўка пададзеная ў Гомельскі гарвыканкам.

Дарэчы, акцыю Amnesty International па адмене смяротнага пакарання падтрымаў і актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Пяшко. Ён плануе правесці пікет з удзелам да 10 чалавек у суботу, 12 жніўня, з 13 да 14 гадзін на адкрытай пляцоўцы перад універмагам Гомель.

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"