Брытанскі прафэсар: Замежныя мовы адкрываюць новыя спосабы мысьленьня

Брытанскі прафэсар: Замежныя мовы адкрываюць новыя спосабы мысьленьня


26 верасьня адзначаецца Эўрапейскі дзень моваў, мэта якога – падтрымаць культурную разнастайнасьць і прыцягнуць увагу да новых ведаў.

Падтрымаць культурную разнастайнасьць і прыцягнуць увагу да новых ведаў. Эўрапейскі дзень моваў адзначае міжнародная супольнасьць 26 верасьня.

Ідэя адзначаць у канцы верасьня Эўрапейскі дзень моваў належыць Радзе Эўропы. Упершыню сьвята адбылося ў 2001. Гэты год, дарэчы, быў абвешчаны Эўрапейскім годам моваў. Аўтары ініцыятывы імкнуліся ня толькі зрабіць яшчэ больш папулярнымі, скажам, ангельскую ці нямецкую мовы, але й зьвярнуць увагу на праблему малараспаўсюджаных гаворак, якія рызыкуюць зьнікнуць назаўжды.

Цікавасьць выклікае таксама тое, як зрабіць заняткі больш даступнымі й зразумелымі для аўдыторыі. Майкл Келі – прафэсар Саўтгэмптанскага ўнівэрсытэту, што знаходзіцца ў Англіі – зьвяртае ўвагу: вельмі важна зараз разьвіваць кампэтэнцыі настаўнікаў, каб яны былі ў стане ня толькі дзяліцца ведамі, але й матываваць ды ўзбуджаць інтарэс вучняў да замежнай мовы.

Майкл Келі
: Вывучэньне моваў зьяўляецца адным з самых натхняльных і матывуючых заняткаў для вучняў і студэнтаў, бо менавіта яно адкрывае дзьверы ў новы сьвет і падштурхоўвае людзей да дасьледаваньня новых спосабаў мысьленьня ды быцьця.

У тым, што вывучэньне й выкладаньне замежных моваў не абмяжоўваюцца лексыкай ды граматыкай, упэўненая таксама прафэсар Інстытуту польскай філялёгіі Пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў Кракаве Маўгажата Памула-Бэрэнс.

Маўгажата Памула-Бэрэнс
: Гэта яшчэ й знаёмства з новай культурай, вучань становіцца больш адкрытым. Ён разумее, што мы можам быць рознымі, мы можам з чымсьці не пагаджацца, але гэта не азначае, што мы павінныя не любіць адзін аднаго. Тыя кампэтэнцыі, якімі валодае настаўнік, павінныя падтрымліваць адкрытасьць вучняў, каб яны былі гатовыя да сустрэчы з чымсьці іншым. У тым ліку – зь людзьмі, якія прыяжджаюць да нас з-за мяжы.

Якія з замежных моваў распаўсюджаныя сярод беларусаў? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да кіраўніка менскай школы LinguaLand Алены Валадзько. Паводле спэцыяліста, бясспрэчным лідэрам папулярнасьці зьяўляецца ангельская мова, што патрэбная далёка ня толькі тым, хто часта камунікуе зь іншаземцамі. Безь яе ня могуць абыходзіцца прадстаўнікі многіх запатрабаваных прафэсіяў. У тым ліку – у сфэры IT. Для атрыманьня вышэйшай адукацыі за мяжой моладзь даволі часта выбірае нямецкую, чэскую ці польскую мовы. А вось італьянская ды гішпанская апошнім часам адыходзяць на другі плян. Цікава, што беларусы праяўляюць вялікую цікавасьць да больш экзатычных моваў. Працягвае Алена Валадзько.

Алена Валадзько
: Мы актыўна займаемся японскай мовай. З самага пачатку гэта быў больш спартыўны інтарэс. Яна выклікала цікавасьць як экзатычная мова. Зараз жа, калі глядзець на попыт, японская мова па колькасьці групаў у нашай школе пераўзыходзіць нават нямецкую. Зь вялікай зацікаўленасьцю яе вывучаюць і падлеткі, і студэнты, і тыя, хто ўжо працуе. Нехта зь цікаўнасьці, а нехта зьвязвае зь Японіяй свае прафэсійныя пляны. Сярод моладзі становіцца больш папулярнай ідэя навучаньня ў Японіі.

Што тычыцца мэтодыкі выкладаньня, то яна, па словах Алены Валадзько, даволі дынамічна зьмяняецца. У прыватнасьці, расьце роля інтэрнэту ў навучальным працэсе.

Алена Валадзько: Асноўны трэнд зараз – гэта камунікатыўная мэтодыка. Гэта вывучэньне мовы больш праз размову, чым празь нейкія лексычныя ці граматычныя практыкаваньні. На занятках выкарыстоўваецца больш непасрэдная камунікацыя паміж удзельнікамі. Вялікую ролю ў навучальным працэсе адыгрывае інтэрнэт, адкуль можна ўзяць цікавы відэа- ці аўдыёматэрыял, які дапамагае разьвіваць камунікатыўную мэтодыку.

На думку нашай суразмоўцы, сьцьвярджэньне аб тым, што некаторыя людзі няздольныя да вывучэньня замежных моваў, у значнай ступені – міф. Варта працаваць над сваімі здольнасьцямі ды матывацыяй. А пры слушным падыходзе кожны, акрамя матчынай, можа авалодаць яшчэ дзьвюма ці нават трыма мовамі.

Васіль Садоўскі


слухайце далучаны гукавы файл

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё