155 гадоў таму пачалося паўстаньне супраць расейскага панаваньня

155 гадоў таму пачалося паўстаньне супраць расейскага панаваньня


Паўстаньне было дрэнна падрыхтаванае і закончылася поўнай паразай, але памяць пра герояў засталася на доўгія гады.

22 студзеня 1863 года пачалося паўстаньне супраць расейскай імпэрыі. У Польшчы яго называюць Студзенскім паўстаньнем, у Беларусі яно больш вядомае пад назваю паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

Роўна 155 гадоў таму быў выдадзены маніфэст Часовага нацыянальнага ўраду Польшчы, які пачынаў змаганьне супраць акупацыйных расейскіх уладаў.


Польскія гісторыкі шмат увагі прысьвячаюць дасьледаваньню гэтага руху супраціву. Многія лічаць, што паўстаньне насіла авантурны характар, было дрэнна падрыхтаванае і закончылася поўнай паразай і разгромам сілаў паўстанцаў, але памяць пра гераізм змагароў засталася на доўгія гады і ўзмацніла чарговыя пакаленьні. Гісторык прафэсар Аліцыя Кулецка гаворыць, што паўстанцам не ўдалося выканаць плян заняцьця Плоцка, дзе плянавалася стварыць Нацыянальны ўрад.

А. Кулецка: Не было тут галоўнага вайсковага камандаваньня, якое ў такіх ваенных мерапрыемствах адыгрывае галоўную ролю. Не ўдалося заняць Плоцк і аб’явіць там пра фармаваньне Нацыянальнага ўраду, паколькі не было сувэрэннай прасторы – нейкага лесу, кавалка зямлі, на якім урад мог бы дзейнічаць.

Гісторык прафэсар Веслаў Ян Высоцкі нагадвае, што барацьба паўстанцаў з расейскімі салдатамі працягвалася шмат месяцаў, у змаганьнях удзельнічала каля 100 тыс. чалавек. Традыцыя паўстаньня старанна захоўвалася ў міжваенны пэрыяд, калі Польшча была ўжо незалежнай дзяржавай.

В. Высоцкі
: У 1919 годзе Пілсудскі ўшаноўвае памяць усіх паўстанцаў, прысвойваючы ім званьне «паручнік». Ён загадаў кожнаму вайскоўцу, нават генэралам, ушаноўваць паўстанцаў, якія былі ніжэйшыя званьнем. Нараджаецца легенда. Студзенскія паўстанцы прайгралі сваю першую бітву, але перамаглі 11 лістапада 1918 году. Гэта была іх перамога.

У паўстаньні 1863-64 гг. удзельнічала нямала беларусаў. У частцы беларускай гістарыяграфіі паўстаньне супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай называюць паўстаньнем Кастуся Каліноўскага, дзеля таго, каб падкрэсьліць ход змаганьня на тэрыторыі Беларусі. Аднак у нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў паўстаньне практычна не існуе, хаця Каліноўскі стаў ужо нацыянальным героем. Гісторыкі па-рознаму ацэньвалі паўстаньне, агулам няшмат гісторыкаў займаецца гэтай тэматыкай, няма глыбокіх навуковых распрацовак, – адзначае гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук.

А. Смалянчук
: Гэта праблема школьнай адукацыі і ня толькі. У савецкія часы паўстаньне трактавалася вельмі павярхоўна. У 20-ыя гады нават казалі, што гэта было паўстаньня беларускіх сялян супраць польскіх паноў. Спробаў разабрацца не было. А цяпер яно існуе толькі дзякуючы постаці Каліноўскага, хаця таксама цяжка казаць пра яго нацыянальную сьвядомасьць – польская, беларуская? Наогул мала прац на гэтую тэму, мала гісторыкаў ёй займаецца.

Расейцы люта распраўляліся з паўстанцамі, шмат было павешана, а расейскі губэрнатар, які кіраваў падаўленьнем супраціву, атрымаў мянушку Мураўёў-Вешальнік. Расейскія ўлады рашуча ўводзілі русыфікацыю, распаўсюджваліся рэпрэсіі, забараняліся найменшыя праявы нацыяналізму, польскага ці беларускага. Пра наступствы паўстаньня распавядае Алесь Смалянчук.

А. Смалянчук
: Вынікі паўстаньня былі страшныя, сытуацыя пагоршылася. Абмежаваньні супраць польскага грамадзтва закранулі і вялікую частку беларусаў. Прывяду толькі адзін прыклад: Мураўёў забараніў палякам набываць зямлю са сьнежня 1865 г. Гэта азначала, што зямельны рынак быў мёртвы, польскія ўладальнікі перасталі прадаваць зямлю, паколькі нельга было яе пазьней купіць. Беларускія сяляне, якія пасьля адмены прыгоннага права пачалі багацець, не маглі набыць зямлю. А з іншага боку героі паўстаньня, пра якіх пісала Ажэшка, з часам сталі арыенцірамі ў фармаваньні нацыі, сьвядомасьці. Для пакаленьня Пілсудскага гэта былі сапраўдныя героі.

Паўстаньне заняло практычна ўсю тэрыторыю Польшчы, а таксама тагачасную Жмудзь, Беларусь ды Ўкраіну. Паўстанцы разыгралі каля 1200 бітваў.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё