Алесь Лагвінец: Трэба будаваць давер грамадства

Алесь Лагвінец: Трэба будаваць давер грамадства


„Ёсць пэўная апатыя і нявер’е людзей ў тое, што іх голас нешта значыць, а таксама ў тое, што ў выніку гэтай кампаніі нешта можа памяняцца. Да таго ж, на вялікі жаль, большасць беларусаў не патрабуюць свабодных і справядлівых выбараў,” – на вопыце праведзеных пікетаў кажа ўдзельнік выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, адзін з кіраўнікоў даследча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Дзея» Алесь Лагвінец.

– Мы не можам запланаваць, калі адбудзецца ўздым грамадзянскай актыўнасці. З аднаго боку, удзел у выбарах – гэта фундаментальнае дэмакратычнае дзеянне. Гэтае тое, што адлюстроўвае прынцып народаўладдзя. Канешне, можна наракаць на стан грамадства. Але ў той жа час неяк трэба якімсьці чынам варушыцца, трэба проста будаваць давер падчас выбарчых кампаніяў і таксама па-за выбарчымі кампаніямі. Я веру ў тое, што калісьці гэта дасць эфект. Мы такім чынам адукоўваемся самі і адукоўваем іншых. Ці ўдзельнічаем, ці не ўдзельнічаем, але мы мусім выказваць сваю пазіцыю адносна таго, што адбываецца.

Алесь Лагвінец, які зняўся з выбарчай кампаніі яшчэ перад рэгістрацыяй кандыдатаў, запомніўся правядзеннем перадвыбарчага пікета пад бел-чырвона-белымі сцягамі і з фотазонай, прысвечанай стагоддзю БНР. Кожны ахвочы мог сфатаграфавацца на фоне Пагоні і нацыянальных сцягоў. Нагадаем, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі 18 лютага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя