Беларусы прымаюць удзел у міжнародным спікер-туры Amnesty International


Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда ўдзельнічае ў двухтыднёвым спікер-туры, арганізаваным міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International. Мерапрыемства прымеркаванае да прэзентацыі штогадовага дакладу аб стане са смяротным пакараннем у свеце.

Даклад Amnesty International быў прэзентаваны 11 красавіка ў Парыжы. На прэзентацыі, у якой бралі ўдзел палітыкі, прадстаўнікі грамадскасці і СМІ, ад Беларусі прысутнічалі праваабаронца Андрэй Палуда і дачка растралянага Генадзя Якавіцкага Аляксандра. Галоўны офіс Amnesty International Лондана прадстаўляла Айша Юнг.

12 красавіка міжнародная праваабарончая арганізацыя апублікавала даклад “Смяротныя прысуды і пакаранні смерцю”. Паводле дадзеных арганізацыі, лік смяротных пакаранняў у свеце зменшыўся. У Беларусі таксама скарацілася колькасць прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў.

Па словах Андрэя Палуды, спікер-тур пачаўся з наведвання галоўнага офіса Amnesty International у Парыжы. У межах тура адбываюцца сустрэчы з супрацоўнікамі міжнароднай праваабарончай арганізацыі, валантэрамі, журналістамі і вядомымі і ўплывовымі асобамі ў галіне праваабарончай дзейнасці. Так, была арганізавана сустрэча з экс-міністрам юстыцыі, экс-старшынёй Канстытуцыйнага суда Францыі, адным з актыўных змагароў за адмену смяротнага пакарання Рабэрам Бадзінтэрам. У прыватнасці, ён выказаўся ў падтрымку кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і паабяцаў беларускім праваабаронцам дапамогу ў барацьбе супраць смяротнага пакарання.

Акрамя гэта, 10 красавіка Андрэй Палуда з прадстаўнікамі Amnesty International зладзілі выступ перад французскімі студэнтамі, якія цікавяцца правам і смяротным пакараннем.

У межах спікер-тура Amnesty International запланаваны шэраг разнастайных мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах.

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"