У Марачоўшчыне адкрылі помнік Тадэвушу Касьцюшку

У Марачоўшчыне адкрылі помнік Тадэвушу Касьцюшку


Гэта першы ў Беларусі помнік міжнароднаму герою, дарэчы, устаноўлены за грошы народу.

Надоечы ў Марачоўшчыне ля Берасьця, то бок у родным фальварку Тадэвуша Касьцюшкі быў адкрыты помнік славутаму міжнароднаму герою. Першы ў Беларусі помнік Касьцюшку быў выкананы дзякуючы збору ахвяраваньняў, які праходзіў, між іншым, у інтэрнэце.

Незалежны журналіст і ініцыятар устанаўленьня помніка Глеб Лабадзекнка нагадаў у размове з грамадзкім Польскім радыё, што ў сьвеце існуе каля 200 помнікаў Тадэвушу Касьцюшку, аднак, гэты ў Беларусі зьяўляецца найважнейшым.

Глеб Лабадзенка: Гэта было вельмі несправядлівым, што не было помніка ў месцы, дзе Касьцюшка нарадзіўся. Паводле мяне, гэта важная падзея для нас (беларусаў - рэд.), для палякаў і для амэрыканцаў таксама, то бок для кожнага народу, які ўшаноўвае Касьцюшку, як героя.

Падчас урачыстасьці ў Марачоўшчыне адным зь першых кветкі да помніка ўсклаў chargé d'affaires Амбасады Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас (Michał Chabros). Ён пераконваў, што гэта быў сапраўды гістарычны момант.

Міхал Хабрас: Герой некалькіх кантынэнтаў, у тым ліку ЗША, Францыі й Польшчы; чалавек, прозьвішчам якога названая найвышэйшая вяршыня ў Аўстраліі, вярнуўся ў сваю родную мясьціну - у Марачоўшчыну на Берасьцейшчыне.

Беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Пётр Краўчанка нагадаў, што цырымонія адкрыцьця помніка Тадэвушу Касьцюшку ўпісваецца ў папулярную цяпер у Эўропе зьяву вяртаньня да гістарычнай памяці.

Пётр Краўчанка: Гістарычная памяць – аснова любой кансалідаванай нацыі. Беларусь, якая перажывае фінішны этап фарміраваньня нацыі, сёньня дае прыклад таго, што пераходзіць да прынцыпова новых памераў жыцьця. Давайце ўспомнім, што мы рабілі ў савецкія часы. Напрыклад, у Кобрыне мы адкрывалі помнік Аляксандру Сувораву – геніяльнаму вайскоўцу, які ўсё ж пакінуў нядобрую славу ў народаў Летувы, Польшчы й Беларусі. Гэтыя помнікі захоўваюцца да гэтага часу. І тое, што мы сёньня адкрываем у Беларусі помнік Нацыянальнаму герою Польшчы, Францыі, ЗША і Беларусі Тадэвушу Касьцюшку, сьведчыць пра тое, што ў Беларусі праходзіць мяккая беларусізацыя. Мы вяртаемся да каранёў, традыцыі. Вельмі марудна й цяжка, але ўсё ж такі гістарычная праўда вяртаецца да нацыі.

У сваю чаргу кіраўнік Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук падкрэсьліў, што асоба Касьцюшкі - гэта прыклад адданасьці й любові да роднай зямлі.

Аляксандар Грыцук: На Івацэвіцкай зямлі ў Марачоўшчыне сёньня мы адкрываем першы ў Беларусі помнік ейнаму славутаму сыну Андрэю Тадэвушу Касьцюшку, які ўвайшоў у гісторыю некалькіх дзяржаў і краін. Сама гісторыя ніколі не магла й ня можа быць ацэнена справядліва толькі з аднаго боку. І сёньня мы лічым, што зь перажытага мінулага нам трэба браць тое, што можа зрабіць нас лепшымі, хто можа быць нам прыкладам. Асоба Касьцюшкі - гэта прыклад адданасьці сваёй Радзіме й сьвятой любові да роднай зямлі.

Натальля Сушко, дырэктар Музэя-сядзібы імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне нагадвае, што памяць аб Тадэвушу Касьцюшку ў яго родную мясьціну вярталася паступова.

Натальля Сушко: Вяртаньне асобы Тадэвуша Касьцюшкі на Радзіму, памяці аб ім пачалося 1987 году, калі тут быў усталяваны першы мэмарыяльны знак, то бок невялікі камень. Далей быў устаноўлены наступны камень большага памеру зь барэль’ефам Касьцюшкі – гэта ўжо 1999 год. У 2003 годзе пачаліся архэалягічныя раскопкі, у выніку якіх быў расчышчаны падмурак, фундамэнт і падвальнае памяшканьне дома, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. На сёньняшні момант у нашым музэі ёсьць магчымасьць спусьціцца ў гэтае падвальнае памяшканьне й нібы трапіць у той час, калі Тадэвуш вучыўся гаварыць, думаць, калі ён проста сталеў.

Кошт помніка склаў каля 15 тысяч даляраў. Ініцыятар яго заснаваньня Глеб Лабадзенка падкрэсьлівае, што манумэнт быў створаны выключна за грошы беларускага народу.

Глеб Лабадзенка: Помнік заснаваны выключна за грошы народу. Як я ўжо казаў, гэта былі ўзносы ў памеры 5, 10, 20 рублёў. Я лічу, што гэта фантастычна, што былі толькі два гэткія ўзносы па прыкладна 1,5 тысячы даляраў. У сваю чаргу астатняя частка, гэта былі невялікія сродкі. Напрыклад, нехта прыносіў 5 рублёў і казаў, што столькі мае, але таксама хоча мець нейкае дачыненьне да помніка.

На адкрыцьці ў Марачоўшчыне помніка прысутнічала некалькі сотняў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі мясцовых уладаў, замежныя дыпляматы з Польшчы, Украіны, Францыі й ЗША, а таксама прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

уп/аз

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё