ФСБ стараецца апраўдаць сталінізм

ФСБ стараецца апраўдаць сталінізм


У Расеі набірае абароты палітыка апраўданьня сталінскіх рэпрэсій.

Гэтая тэндэнцыя асабліва выразна праявілася сёлета. Так, падчас сьвяткаваньня стагодзьдзя ўтварэньня ВЧК. Дырэктар расейскай ФСБ адкрыта заявіў, што нельга адрынуць слова «чэкіст», а сталінскія чысткі ды адкрытыя працэсы мелі «аб’ектыўны бок». На мінулым тыдні кіраўніцтва Музэю гісторыі ГУЛАГ-а Расеі заявіла, што сілавікі зьнішчаюць дадзеныя пра рэпрэсаваных у савецкія часы.

На пачатку мінулага года расейскія сацыёлягі з Левада-цэнтра заявілі, што ўхваленьне Сталіна сярод расейцаў дасягнула гістарычнага максымуму за апошнія 16 гадоў. 46% ставяцца да Сталіна з «захапленьнем», «пашанай» ды «сымпатыяй». Гэтыя настроі выдатна адчувае ўлада. Напярэдадні юбілею 100 гадоў ад утварэньня ВЧК (Усерасейская надзвычайная камісія) дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў даў праграмнае інтэрвію «Расейскай газэце» пад назвай «ФСБ расстаўляе акцэнты».

Кіраўнік службы бясьпекі заявіў, што нельга адрынуць слова «ЧЭКІСТ», гэта, маўляў, як адмовіцца ды забыць пакаленьні папярэднікаў. Сталінскія рэпрэсіі ён назваў не масавай фабрыкацыяй абвінавачаньняў, а абгрунтаванымі справамі, дзе быў "аб'ектыўны бок", у тым ліку змовы па ліквідацыі Сталіна ды сувязі з замежнымі спэцслужбамі. Бортнікаў дадаў, што замежнікі надалей прагнуць зьнішчыць Расею, гэта, маўляў, для некаторых навязьлівая ідэя. Задача ФСБ - гэтага не дапусьціць.

На мінулым тыдні высьветлілася, якім сродкамі гэта дасягаецца. Сілавікі зьнішчаюць інфармацыю пра сталінскія рэпрэсіі. Дасьледчыкі з Музэя гісторыі ГУЛАГ-а апублікавалі сакрэтны загад, паводле якога ліквідацыі падлягаюць архіўныя ўліковыя карткі са зьвесткамі пра рэпрэсаваных у СССР.

Ці гэта азначае, што ў Расеі ўлады ды ФСБ вернуцца да савецкіх практык масавых рэпрэсій? Гэтае пытаньне мы абмяркоўваем з палітолягам Паўлам Усавым.

Поўную размову слухайце ў гукавым файле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё