Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі за чужы матэрыял

Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі за чужы матэрыял


Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі за чужы матэрыял. Аўтарам двух сюжэтаў, якія выйшлі на тэлеканале “Белсат”, быў фрылансер Андрэй Толчын.

Нягледзячы на гэтае прызнанне ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля, суддзя Аляксандр Піскуноў усё роўна аштрафаваў Кастуся Жукоўскага 30 базавымі велічынямі за “незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі”.

Андрэй Толчын заўважае, што на Кастуся Жукоўскага ёсць “замова” з боку ўлады.

— Жукоўскага няма ані на камеры, ані ягоных пытанняў, ані каментароў. Усё маё. Больш таго, як сведка я пазначыў, што я пакараны, што гэта я вырабляў, якім чынам і як я гэта рабіў. Усё было пазначана, але суддзя усё адно прыняў такое рашэнне. Таму, гэта замова. І па Гомельскай вобласці замоўлены некалькі прозвішчаў: гэта 5 чалавек.

Кастусь Жукоўскі не мае на сённяшні час ніякіх афіцыйных дачыненняў з тэлеканалам “Белсат”, але плануе надалей працаваць фрылансерам.

— Проста абсурдная сітуацыя. Я ўжо рэгістраваўся і як інфармацыйнае агенцтва, а ўсё адно штрафуюць і штрафуюць. Зараз 31-га мяне хочуць у войска забраць і ўжо даслалі позву. Усё гэта — звёны аднаго ланцужка.

Цягам году Кастуся Жукоўскага больш за 10 разоў судзілі за журналісцкую дзейнасць. На яго было складзена каля 20 адміністрацыйных пратаколаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя