Справа БелТА: журналістаў працягваюць арыштоўваць

Справа БелТА: журналістаў працягваюць арыштоўваць


У Менску 7-8 жніўня праходзяць вобыскі ў рэдакцыях СМІ і затрыманьні супрацоўнікаў.

У Менску працягваюць арыштоўваць журналістаў па г. зв. справе БелТА. Сьпіс тых, каго дапытвае Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь, павялічваецца. Допыты супраджаюцца вобыскамі ў рэдакцыях.

Справа БелТА пачалася раніцай 7 жніўня. Супрацоўнікі Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь затрымалі журналістаў партала Tut.by, некаторыя зь іх цяпер сядзяць у сьледчым ізалятары — гэта галоўны рэдактар сайта Марына Золатава, а таксама яе калегі Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік і рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Тацьцяна Каравянкова.

У журналісцкай супольнасьці Беларусі і сьвету з трывогай назіраюць за разгортваньнем справы БелТА.

Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў: Журналісты адчуваюць абурэньне. Існуе пачуцьцё небясьпекі, бо ўсе разумеюць, што да іх таксама могуць прыйсьці ў любы момант [са Сьледчага камітэта] — раніцай, увечары. Але беларускія незалежныя журналісты прывыклі жыць у гэтай сытуацыі.

У асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі вельмі востра адрэагавалі на падзеі.

Драматург Андрэй Курэйчык напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: “Аніякія стужкі навін БелТА ня варты і сэкунды турэмнага зьняволеньня жанчын”.

Андрэй Бастунец выказаў сур’ёзную занепакоенасьць той формай, у якой адбываецца расьсьледаваньне справы БелТА.

Андрэй Бастунец: Мы лічым гэтыя падзеі ўмяшаньнем сьледчых органаў у свабоду выказваньняў і дзейнасьці журналістаў. Гэтыя дзеяньні празьмерныя. Расьследаваньне крымінальных спраў не павінна адбівацца на свабодзе і прафэсійнай дзейнасьці мас-мэдыя.

Справа БелТА — гэта толькі нагода, але ніяк не прычына таго, што адбываецца. Якая прычына стаіць за ўсімі гэтымі дзеяньнямі Сьледчага камітэта, я ня ведаю. Гэта можа быць жаданьне выціснуць зь беларускай інфармацыйнай прасторай рэсурсы, якія займаюць вядучыя пазыцыі...

Тое, што стала падставай для распачынаньня крымінальнай справы, ня мае ніякіх адносін да таго, якія дзеяньні ажыцьцяўляе Сьледчы камітэт супраць незалежных СМІ.

Пасьля допытаў учора былі адпушчаны на свабоду журналісты Ульяна Бабаед, Людміла Чэкіна, Яўгенія Беразюк, Дзьмітрый Бобрык і Андрэй Серада. Зь Серады пасьля допыту ў Сьледчым камітэце ўзялі падпіску аб неразгалошваньні.

Раніцай 8 жніўня сьледчыя прыйшлі да журналіста радыё Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага, яго забралі на допыт і арыштавалі на трое сутак, з кватэры вынесьлі кампутарную тэхніку.

Ттаксама забралі на допыт рэдактара інтэрнэт-вэрсіі газэты «Белорусы и рынок» Аляксея Жукава і яго жонку Арыну Сямычкіну (яе затым выпусьцілі, мужа затрымалі на трое сутак).

Затрыманы журналісты партала Realt.by Ігар Хмара, Марыя Сарока і Алена Маслоўская і галоўны рэдактар сайта Уладзіслаў Кулецкі.

Удзень адбыўся вобыск у рэдакцыі газэты “Культура”.

На допыт быў выкліканы заснавальнік партала Tut.by Юрый Зісер.

Тым часам на сераду перанесены допыт Тацьцяны Каравянковай, рэдактара інфармагенцтва БелаПАН.

Аляксандар Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН: БелаПАН працуе практычна ў звычайным рэжыме. Нават учора, калі быў вобыск, нашы сайты абнаўляліся зь іншых месц, з кватэр супрацоўнікаў. Спэцыфіка сёньняшняга дня ў тым, што ўладам цяжка задушыць непадкантрольныя крыніцы інфармацыі. Гэта іх нэрвуе. І гэта адна з прычын цяперашняй атакі на незалежныя СМІ.

Ці могуць у бліжэйшыя дні здарыцца неспадзяваныя інцыдэнты, і як вы да гэтага падрыхтаваны?

Аляксандар Класкоўскі: Мы працуем у ранейшым рэжыме. Мы не цэнзуруем сябе. Наш прынцып — даваць аб’ектыўную інфармацыю і камэнтарыі пра ўсе падзеі. Кепска, вядома, што кагосьці раздражняе незалежная журналісцкая праца, і таму адбываюцца ўсе гэтыя падзеі, вобыскі, затрыманьні, якія, безумоўна, не аблягчаюць нашу працу.

Усіх затрыманых і дапытваных абвінавачваюць у незаконным выкарыстаньні інфармацыі дзяржаўнага агенцтва навін БелТА. Нібы супрацоўнікі недзяржаўных выданьняў мелі доступ да платнай падпіскі на матэрыялы БелТА, ужываючы чужыя паролі. Як паведамляе БелТА, на працягу 2017-2018 гадоў бязь ведама і згоды агенцтва было зьдзейсьнена больш за 15 тыс. несанкцыянаваных падключэньняў да інфармацыі, якая захоўваецца ў яго кампутарнай сыстэме.

Зьявілася інфармацыя пра тое, што прынамсі адзін з пароляў, якім журналісты разнастайных СМІ карысталіся для доступу да платнай падпіскі БелТА, належаў газэце “Советская Белоруссия”. Паролем карысталася шырокае кола журналістаў на працягу некалькіх гадоў.

Таксама ёсць інфармацыя, што некаторыя з рэдакцый на працягу апошніх месяцаў атрымлівалі папярэджаньні зь БелТА ў сувязі з несанкцыянаваным доступам да сваёй платнай падпіскі.

Дарэчы, цяперашні рэдактар газэты “Советская Белоруссия” Дзьмітрый Жук да лютага 2018 года ўзначальваў БелТА.

Андрэй Бастунец выказаў спадзяваньне, што ў справе БелТА будуць высьветлены ўсе акалічнасьці. Аднак старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў турбуе ўмяшаньне сьледчых у прафэсійнае і асабістае жыцьцё супрацоўнікаў СМІ.

Андрэй Бастунец: Сам факт вобыскаў у журналістаў зьяўляецца ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў. Бо ў кампутарах журналістаў можа захоўвацца канфідэнцыяльная інфармацыя, яе крыніцы. Відавочна, што сьледчыя выйшлі за межы той справы, якая расьследуецца. Да сьледчых органаў можа трапіць інфармацыя, якая ня мае ніякіх адносін да справы [БелТА].

Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заклікала беларускія ўлады вызваліць затрыманых журналістаў. Яна заявіла, што тое, што адбываецца ў Менску, “супярэчыць заяўленай Беларусьсю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам”.

Міністэрства замежных спраў Беларусі таксама пракамэнтавала сытуацыю з вобыскамі і затрыманьнямі журналістаў. Прэс-сакратар МЗС А. Глаз заявіў: «Ня варта шукаць нейкай іншай падкладкі або «падводных камянёў» — сытуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасьці і ня мае ніякага дачыненьня да пытаньняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасьці ў Беларусі».

Віктар Корбут


Слухайце далучаны гукавы файл

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё