Пераможцам конкурсу “За адданасць прафесіі” стаў журналіст Дзяніс Івашын

Пераможцам конкурсу “За адданасць прафесіі” стаў журналіст Дзяніс Івашын


Журналіст атрымаў дыплом за расследаванне пра будаўніцтва рэстарацыі “Поедем Поедим” на месцы сталінскіх рэпрэсіяў.

Пераможца выбіраўся журы паводле двух крытэраў: грамадскі рэзананс ад матэрыялу і адстойванне прынцыпаў свабоды слова, нягледзячы на перашкоды.

Журналіст Андрэй Толчын патлумачыў, чаму падтрымаў кандыдатуру Дзяніса Івашына:

— Дзяніс Івашын справядліва атрымаў першае месца, бо тое, што ён зрабіў, выканана прафесійна і моцна. А па-другое, ён рызыкаваў нават жыццём, наважыўшыся напісаць гэты артыкул.

Конкурс “За адданасць прафесіі” імя Уладзіміра Вербавікова запачаткавала Гомельская філія БАЖ. 10 гадоў таму назад не стала гомельскага журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. У 1986 годзе ён адным з першых беларускіх журналістаў распавёў на агульнасаюзным узроўні пра сапраўдны маштаб тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС. Пазней, дзякуючы ягоным намаганням, у Гомелі выходзілі дзве незалежныя газеты. Калі яму забаранялі іх друкаваць у Беларусі, ён вазіў наклады выданняў са Смаленску. Пасля смерці Уладзіміра Вербавікова так і не знайшлося чалавека з імпэтам і арганізацыйным талентам, які б змог дабіцца выхаду друкаванага незалежнага выдання ў другім па велічыні горадзе Беларусі.

Марыя Шыманоўская ўзгадвае, як запачаткавалі конкурс:

— Калі Уладзімір Аляксандравіч памёр, то вельмі хутка ідэя аб захаванні ягонай памяці залунала ў суполцы. Таму што мы адчулі ягоную адсутнасць. Ён быў чалавекам вельмі актыўным.

Удава Уладзіміра Вербавікова Ніна Вербавікова адзначае, што заўжды падтрымлівае сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

— Уладзімір вельмі шмат распавядаў пра сябраў БАЖ. Думаю, ён быў бы задаволены. Ён быў вельмі шчыры чалавек.

У конкурсе ўдзельнічалі заяўкі ад журналістаў з парталу naviny.by, “Белсату”, “Радыё Рацыя”, газеты «Вольны горад», сайта “Медиа-полесье”, сайта “Сильные новости”, праваабарончага парталу “Вясна”, слуцкага выдання kurjer.info.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя