Пачаўся Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня

Пачаўся Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня


На гэты раз увагу грамадзкасьці будзе прыцягнута да ўмоў утрыманьня зьняволеных у камэрах сьмяротнікаў. 

Традыцыйна, з 5 па 10 кастрычніка, у Беларусі праходзіць Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. На гэты раз праваабаронцы і прыхільнікі адмены сьмяротнага пакараньня прыцягнуць увагу грамадзкасьці да ўмоў утрыманьня зьняволеных у камэрах сьмяротнікаў. Кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» традыцыйна падрыхтавала шэраг разнастайных мерапрыемстваў.

Традыцыйны ўжо фэстываль «Рок за жыцьцё» ў падтрымку ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне пройдзе ў Віцебску і Менску.

У Менску і Слуцку адбудзецца паказ фільма па тэме сьмяротнага пакараньня з абмеркаваньнем і ўдзелам актывістаў кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» і Валанцёрскай службы «Вясны».

10 кастрычніка – прэзэнтацыя выставы «Кожны мае права ведаць свае правы». Відовішча з удзелам вядомай мастачкі і пэрформэра Тацьцяны Тур. Пэрфоманс, прысьвечаны праблеме сьмяротнага пакараньня, распавядзе аб пакутах родных і блізкіх асуджаных.

У Стасбурзе заплянаваны выступ праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на тэму сьмяротнага пакараньня ў Камітэце па прававых пытаньнях і правах чалавека ПАРЭ.

Гэта ўжо 16-ты Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. 10 кастрычніка Сусьветная кааліцыя супраць сьмяротнага пакараньня прыцягне ўвагу грамадзкасьці да ўмоў утрыманьня зьняволеных у камэрах сьмяротнікаў і прапануе Дзесяць варыянтаў дзеяньняў, як вы можаце далучыцца да барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.

Цягам дня праваабаронцы і актывісты правядуць на вуліцах рэгіянальных гарадоў інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Палуда зьвяртае ўвагу, што статыстыка бягучага году ня радуе.

А. Палуда: У гэтым годзе ўжо прыведзеныя ў выкананьне два сьмяротныя прысуды – расстраляныя Аляксей Міхаленя і Віктар Лётаў. Па нашай інфармацыі, чатыры чалавекі могуць быць расстраляны ў любы момант. Варта сказаць, што пра расстрэл Міхалені мы даведаліся падчас суду над Вячаславам Сухаркам. Гэта ён расказаў, калі вывялі Міхаленю. Толькі тады грамадзтва даведалася пра яго сьмерць. Варта таксама адзначыць, што Віктар Лётаў, які быў расстраляны разам з Міхаленем, быў прыгаворны дастаткова таемна. Праваабаронцы даведаліся, што ён знаходзіцца ў калідоры сьмерці больш за месяц, але грамадзтва пра гэта ня ведала. Толькі пасьля таго, як праваабаронцы зрабілі гэтую інфармацыю публічнай, вярхоўны суд быў вымушаны пракамэнтаваць і сказаць, што, у прынцыпе, суд ня быў закрытым, проста ён адбываўся ў калёніі ў Глыбокім, а таму ніхто туды ня мог патрапіць.

У далучаным гукавым файле поўная размова з Андрэем Палудам.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё