Павел Белавус: Ужо пачалі падрыхтоўку да Дня Волі

Павел Белавус: Ужо пачалі падрыхтоўку да Дня Волі


Заснавальнік „Арт Сядзібы” ды адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР Павел Белавус стаў лаўрэатам прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ад Асамблеі НДА ў намінацыі «Лідар года».

Актывіст распавёў, што кампанія падрыхтоўкі да святкавання БНР-101 ужо распачатая.

Кажа Павал Белавус:

– Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да чарговага Дня Волі, запусцілі кампанію і збіраем людзей. Гэта пакліканне, уласнае адчуванне. Гэта тое, чым я займаюся ўжо 15 гадоў: тут я маю на ўвазе грамадскую дзейнасць. Гэта наша такая актывісцкая натура. Ты не можаш сядзець без справы, увесь час нейкія твае думкі цягнуць цябе нешта рабіць, прыдумляць і хоць неяк спрабаваць змяняць гэтую краіну да лепшага.

Пакуль невядома, дзе менавіта будзе праходзіць святкаванне БНР-101, але Павел Белавус запэўнівае, што гэтым годам каманда прыкладае ўсе намаганні, каб зрабіць яшчэ больш маштабнае свята, чым святкаванне БНР-100 каля Опернага тэатра ў Менску.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя