У Гародні спыніў існаванне музей Васіля Быкава

У Гародні спыніў існаванне музей Васіля Быкава


Музей Васіля Быкава ў Гародні перастаў існаваць. Больш за 900 рэчаў з музея, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці Васіля Быкава, пераехалі ў Гісторыка-археалагічны музей.

Цяпер рэчы будуць апрацаваныя і пашпартызаваныя. Пасля – зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыі літаратурнага філіялу музея на вуліцы Багдановіча.

Прычынай закрыцця грамадскага музея стала адсутнасць аплаты за арэнду памяшкання і адсутнасць наглядчыка музея Аляксея Дземідовіча. Кажа літаратарка Данута Бічэль: –

Ніхто не лічыўся з гэтым музеем, што ён нешта вартае мае для дзяржавы. І да гэтага часу Дземідовіч і Багданава яшчэ здолелі нейкімі шляхамі выходзіць на банкі, збіраць грошы. Але калі Дземідовіч захварэў, жанчына гэта выцягнула б музей сама, калі б яна была літаратарам, але яна была эканамістам, бухгалтарам.

Канешне, для краязнаўцаў вестка пра закрыццё музея Быкава ў Гародні – вельмі сумная навіна. І віна ў ліквідацыі музея тут ляжыць не ў грамадстве, а ў інтарэсах улады, якая цягам гадоў не захацела вылучыць асобны будынак з фондаў горада пад музей пісьменніка сусветнага значэння. Але магчымае выйсце з такой складанай сітуацыі. Кажа краязнаўца Алесь Госцеў:

– Васіль Быкаў настолькі ў нас магутная ў рэспубліцы постаць, што ён безумоўна заслугоўвае асобнага будынка для музея. Але сітуацыя складваецца такім чынам, што ўжо больш за дзесяць гадоў, яшчэ пры Мельнікаве, пачаліся гэтыя стасункі, каб усё ж такі зрабіць музей дзяржаўным, каб ён набыў статус больш-меньш стабільны, а не на грамадскіх пачатках. Няма каму яго падтрымліваць, няма фінансавання, няма нават кіравання.

Як стала вядома нашаму радыё, рэшткі музейных экспанатаў, якія не трапяць у фонды гісторыка-археалагіянага музея з музея Быкава ў Гародні, будуць перададзены некаторым зацікаўленым школьным музеям абласнога цэнтра.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя