Эдуард Пальчыс: 25 сакавіка хочам зладзіць свята

Эдуард Пальчыс: 25 сакавіка хочам зладзіць свята


Вядомыя блогеры Антон Матолька, Эдуард Пальчыс і кіраўнік АРТ Сядзібы і Symbal.by Павал Белавус вельмі ўдала правялі святкаванне 100-годдзя БНР у 2018 годзе. У гэтым годзе яны жадаюць правесці ў Менску свята на стадыёне „Дынама” і вулічнае шэсце.

Распавядае Эдуард Пальчыс:

– Усё гэта складаней у разы, чым у мінулым годзе. Тут мноства фактараў. Мы проста робім усё, што можам. Як будзе, мы не можам абяцаць. Выжмем з сябе ўсё, а атрымаецца, як атрымаецца.

РР: Што хочаце правесці на стадыёне?

– Тое, што падпадае пад фармат нацыянальнага свята, тое, што мы можам пабачыць у Дні незалежнасці ў Польшчы, Украіне. Нешта крутое, пафаснае, натхняльнае, магутнае.

Эдуард Пальчыс
упэўнены, што канцэрт – гэта толькі маленькая частка вялікага нацыянальнага свята:

– Гэта адна чацвёртая свята. Усё залежыць ад пляцоўкі. Ці дазволяць марш. Мы хочам, каб беларусы ўбачылі, што такое нармальная вулічная арганізацыя мерапрыемства. Канцэрт – гэта толькі фінальная частка. Мы не робім канцэрт.

Арганізатары Дня Волі-2019 ужо падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 24 сакавіка шэсця да стадыёна «Дынама», дзе адбудуцца мітынг і канцэрт, таксама на сайце Talaka.by ідзе збор грошай на святкаванне 101-й гадавіны БНР Плануецца сабраць мінімум 50 000 рублёў, ужо сабрана 17% ад агульнай сумы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: БАЖ

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя