Суд над рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай


У судзе абвешчаны перапынак да 14.30. – Пасяджэнне толькі пачалося. Я спадзяюся, рашэнне суда будзе справядлівым.

Мне рана дзяліцца нейкімі ўражаннямі, – сказала Марына Золатава ў перапынку. – Я здзіўленая і проста здзіўленая такой увагай і ўдзячная ўсім за падтрымку. Дзякуй вялікі, перадае nn.by.

* * *
12 лютага а 10-й гадзіне пачаўся суд над Марынай Золатавай, галоўнай рэдактаркай партала Tut.by і апошнім фігурантам так званай «справы БелТА».

Старшынюе ў судзе Аляксандр Петраш. Абвінавачванне прадстаўляе старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна. БелТА папрасіла суд правесці ў закрытым рэжыме, спасылаючыся на абарону інфармацыі. Пракурор, у сваю чаргу, не бачыць падставы закрываць працэс, заяўляючы, што суд можна закрыць толькі ў той частцы, калі будзе вывучацца асабістая перапіска. Суддзя Аляксандр Петраш адмовіў у закрытым судовым разглядзе. 10:04 Суддзя забараніў фота- і відэаз’ёмку ў зале суда.

9:55 Прыйшлі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і ўсё кіраўніцтва гэтай арганізацыі. У зале суда таксама шматлікія блогеры, сярод якіх Эдуард Пальчыс, Антон Матолька, Арамаіс Міракян. Прысутны былы палітвязень Шчукін.

9.45 Для суда аддалі найбольшую залу ў судзе Маскоўскага раёна. Яна змяшчае 170 чалавек. Задоўга да пачатку каля яе сабраліся дзясяткі людзей. Сярод прысутных — рэдактары «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч і БелаПАН Ірына Леўшына, дыпламаты краін Еўрапейскага звяза. Прыйшлі шматлікія калегі Марыны Золатавай з Tut.by у кашульках «Банальны хакер», паведамляе nn.by.

* * *

Шмат пытанняў: юрыдычных і маральных. Так старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец рэагуе на суд над галоўнай рэдактаркай партала Tut.by Марынай Золатавай.

Яна адзіная абвінавачаная ў так званай «справе БелТА», каго чакае судовы працэс. Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса („Бяздзейнасць службовай асобы”), санкцыя артыкулу – ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі. Андрэй Бастунец у нашым эфіры звярнуў увагу і на іншыя акалічнасці гэтай справы: – Марына Золатава была адзіным фігурантам справы, якога не абвінавачвалі ў тым, што ён карыстаўся паролем БелТА. Яе абвінавачваюць у бяздзеянні службовай асобы. Вельмі шмат пытанняў да юрыдычнага боку гэтага абвінавачвання. Мы паслухаем як сваю пазіцыю будзе прадстаўляць бок абвінавачвання ў судзе. Але такое ўражанне, што Tut.by і Марына Золотава былі ледзь не галоўнымі мішэнямі ў гэтай справе ад пачатку.

Справа супраць галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай 12 лютага будзе разглядацца ў памяшканні суда Маскоўскага раёна. Пачатак працэсу ў 10:00. Астатнія фігуранты па «справе БелТА» – 14 супрацоўнікаў розных СМІ – вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты кампенсавалі прад’яўленую шкоду. Сумы розныя – ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя